ААГА́МІЯ
(ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
т. 1, с. 7
ААГЕНЕ́З
(ад аа... + ...генез),
паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.
т. 1, с. 7
ААГО́НІЙ
(ад аа... + грэч. gonē нараджэнне),
«жаночы» орган палавога размнажэння водарасцяў і некаторых грыбоў, якім уласціва аагамія. Звычайна складаецца з 1 клеткі, у якой утвараецца 1 або некалькі яйцаклетак. У харавых і некаторых інш. водарасцяў аагоній шматклетачны.
т. 1, с. 7