Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),

навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.

Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.​С.​Грабніцкі, С.​С.​Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.​К.​Обердык, А.​Дыль, К.​Кох, Э.​Лукас і інш.

На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.

Літ.:

Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;

М., 1930;

Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 31

ПАМАРА́ЙКА,

адна з назваў р. Дзятлаўка.

т. 12, с. 31

ПАМАРА́НЕ,

група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл. Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.

т. 12, с. 31

ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу

(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),

партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.

т. 12, с. 31

«ПАМЕ́НТНІК НАУКО́ВО-ЛІТЭРА́ЦКІ»

(«Pamiętnik naukowo-literacki», «Навукова-літаратурны дзённік»),

літаратурна-мастацкі альманах радыкальна-дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1849—50 у Вільні на польскай мове Р.А.Падбярэскім. Выйшлі 2 тамы ў 6 кнігах. Падзяляў эстэт. погляды В.​Р.​Бялінскага і натуральнай школы, крытыкаваў ням. ідэаліст. філасофію за адарванасць ад жыцця. Разам з тым сцвярджаў прынцыпы рамантызму, генетычна звязанага з ням. рамант. думкай і філасофіяй Г.​Гегеля. Змясціў творы А.​Адынца, Ю.​Гарайна, Э.​Жалігоўскага, Ю.​Корсака, У.​Сыракомлі і інш. ураджэнцаў Беларусі. Абвінавачаны ў распаўсюджванні «варожага ўраду духу» і ў 1851 забаронены.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 31

ПАМЕ́Р у музыцы, тактавы памер,

колькасная характарыстыка тактавага метра; паказвае колькасць рытмічных адзінак (доляў) у такце. Абазначаецца дробам без рыскі ў пачатку твора або пры змене метра: лічнік — колькасць метрычных доляў у такце, назоўнік — рытмічная (часавая) працягласць долі.

Асн. памеры — простыя (​2/2; ​2/4; ​3/2; ​3/4; ​3/8), з якіх шляхам іх злучэння ўтвараюцца складаныя 2- і 3-дольныя (​4/4 або C; ​6/4; ​6/8; ​9/4; ​12/8) і мяшаныя, утвораныя злучэннем неаднатыпных простых П. (​5/4; ​7/4; ​7/8; ​11/4). Пры чаргаванні тактаў з рознай метрычнай арганізацыяй узнікае пераменны П., які можа быць перыядычны (з раўнамерным чаргаваннем тактаў) і свабодны.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 12, с. 31

ПАМЕРА́НІЯ (лац. Pomerania, ням. Pommern ад скажонага польскага Pomorze Памор’е),

сярэдневяковае герцагства (1170—1648) у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі», створанае на месцы германізаванага слав. княства памаран. Займала ўзбярэжжа Балтыйскага м. на У і на З ад р. Одэр (Одра). Паводле Вестфальскага міру 1648 зах. ч. П. адышла да Швецыі, усх. — да Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія), якая ў 1679, 1720 і 1815 авалодала ўсёй П. Былое герцагства склала асн. ч. прускай прав. П. з цэнтрам у г. Штэцін (цяпер Шчэцін у Польшчы). Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 б.ч. П. з г. Шчэцін адышла да Польшчы (гл. Памор’е), астатняя, на З ад р. Одэр, засталася ў складзе Германіі (цяпер ч. зямлі Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).

т. 12, с. 31

ПАМЕРАНЧУ́К (Ісаак Якаўлевіч) (20.5.1913, Варшава — 14.12.1966),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1936). З 1940 у Фіз. ін-це, з 1943 у Ін-це атамнай энергіі, з 1946 у Ін-це тэарэт. і эксперым. фізікі АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, тэорыі квантавых вадкасцей, фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з Дз.​Дз.Іваненкам). Выявіў анамальны характар плаўлення (зацвердзявання) гелію-3 (эфект П.; 1950) і прапанаваў новы метад атрымання нізкіх т-р. Сфармуляваў адно з асн. палажэнняў квантавай тэорыі поля (гл. Памеранчука тэарэма). Зрабіў важкі ўклад у стварэнне першых у СССР ядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

Тв.:

Собр. науч. трудов. Т. 1—3. М., 1972.

т. 12, с. 32

ПАМЕРАНЧУКА́ ТЭАРЭ́МА ў квантавай тэорыі поля,

устанаўлівае, што поўныя эфектыўныя сячэнні ўзаемадзеяння часціцы і антычасціцы з адной і той жа мішэнню (нуклонам) пры нарастанні энергіі сутыкнення павінны супадаць. Мае важнае значэнне для тэорыі моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц. Сфармулявана І.Я.Памеранчуком у 1958.

т. 12, с. 32

ПАМЕ́Р ВЕРШАВА́НЫ,

спосаб арганізацыі гукавога складу асобнага вершаванага твора ці яго ўрыўка (у выпадку паліметрыі). У метрычным вершаскладанні вызначаецца раўнамерным чаргаваннем доўгіх і кароткіх складоў, у сілабічным вершаскладанні — колькасцю складоў (8-складовік, 10-складовік), у танічным вершаскладанні — колькасцю націскаў (верш 3-націскны, 4-націскны), у сілаба-танічным вершаскладанні — колькасцю і якасцю асобных складоў у стапе (2-складовыя — харэй і ямб, 3-складовыя — дактыль, амфібрахій, анапест). Функцыянальна П.в. непасрэдна звязаны з агульным выяўл. патэнцыялам верша, арыгінальнасцю і навізной яго паэт. формы.

Літ.:

Гл. пры арт. Вершаскладанне.

т. 12, с. 31