ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу
(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),
партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)