Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́ЛЬКА (франц. calque),

празрыстая папера або тканіна, якія выкарыстоўваюцца ў чарчэнні; копія чарцяжа або малюнка на такім матэрыяле. Прызначана для капіравання чарцяжоў тушшу і для атрымання з іх святлакопій.

т. 7, с. 491

КА́ЛЬКА ў мовазнаўстве, семантычнае запазычанне з інш. мовы шляхам літаральнага перакладу структуры слова або словазлучэння, напр., бел. «пункт гледжання» з рус. «точка зрения». бел. «цалкам і поўнасцю» з ням. «im Ganzen und Vollen».

т. 7, с. 491

КАЛЬКУЛЯ́ТАР, мікракалькулятар,

электронная вылічальная прылада. Вырабляецца на аснове мікрапрацэсара; мае клавіятуру для ўводу лікаў і камандаў і індыкатар для ўзнаўлення вынікаў дзеянняў. Бываюць кішэнныя і настольныя; найпрасцейшыя, інжынерныя і праграмавальныя.

Найпрасцейшы К. выконвае арыфм. дзеянні над дзесятковымі лікамі, часам здабыванне кораня і інш. Інжынерныя К. дадаткова вылічваюць значэнні трыганаметрычных і лагарыфмічных функцый і інш. Праграмавальныя К. па структуры набліжаюцца да ЭВМ, маюць аператыўную памяць для захоўвання лікаў і камандаў сістэма камандаў дазваляе рэалізаваць праграмы, якія маюць разгалінаванні, цыклы, падпраграмы і інш.; у некаторых з іх набраную праграму можна запісаць на магн. картку, дзе яна захоўваецца ў гатовым для выканання выглядзе.

М.П.Савік.

т. 7, с. 491

КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),

вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.

У.Г.Залатагораў.

т. 7, с. 491

КАЛЬКУ́ТА,

горад у Індыі. Адм. ц. штата Зах. Бенгалія. Каля 3,3 млн. ж., у агламерацыі Вял. К. 11, 9 млн. ж. (1997). Буйны трансп. вузел: чыгункі, аўтадарогі, рачны і марскі порт на рукаве Ганга—Хуглі, за 140 км ад Бенгальскага заліва. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: джутавая (каля ​9/10 агульнаінд. вытв-сці), разнастайнае машынабудаванне (судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, эл.-тэхн.), хім., лёгкая, у т. л. гарбарна-абутковая, фармацэўтычная, папяровая, паліграф, харчасмакавая. База марскога і рачнога рыбалоўства. Буйнейшая ў свеце чайная і джутавая біржа. Метрапалітэн (з 1984). 3 ун-ты. Інд. геагр. т-ва. Інд. музей (з 1814), гісторыка-маст. музей Вікторыі. Бат. сад.

Горад вырас з факторыі і форта Уільям, заснаваных англ. Ост-Індскай кампаніяй у 1690—91 Назва ад в Калігхат, далучанай да форта ў 1698. З 1707 сталіца Бенгаліі. З 1773 фактычна, з 1854 і юрыдычна сталіца англ. уладанняў у Індыі (да 1911, калі сталіца Індыі перанесена ў Дэлі). У 19 ст. буйны прамысл гандл. цэнтр. У К. адкрыта першае ў Індыі метро.

Калькута. У цэнтры горада.
Музей Вікторыі ў Калькуце.

т. 7, с. 491

КАЛЬМАДУЛІ́Н,

кальцый-звязваючы бялок. Малекулярная маса 17 000 Да. Іоны Ca​2+ у цытаплазме кантралююць мноства функцый клеткі і разам з цыклічным адэназін-монафасфатам адносяцца да другасных пасрэднікаў. Напр., пры ўзаемадзеянні гармону са сваім рэцэптарам, што знаходзіцца на паверхневай мембране клеткі-мішэні, актывацыя мембрана-звязанага ферменту адэнілатцыклазы для перадачы сігналу гармону з паверхні клеткі да клетачнага ядра адбываецца пры наяўнасці комплексу іонаў Ca​2+ з К.

С.С.Ермакова.

т. 7, с. 491

КАЛЬМА́ЕВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 3.8.1946, Мінск),

бел. плакатыст, графік, жывапісец. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Эстоніі (1973). Выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1975—92). Стварыла шэраг тэатр. і грамадска-паліт. плакатаў («Не тапчы!», 1975; «Рукі залатыя», 1976; «Паўлінка», 1979; «М.Багдановіч», 1981; «Мастацкія промыслы Беларусі», 1983), афіш да спектакляў бел. т-раў. Працуе і ў станковай графіцы. Акварэлі адметныя тонкім каларыстычным вырашэннем, псіхалагічнасцю (серыя «Аголеныя», 1990-я г.). Жывапісныя творы вызначаюцца складанай маст. тэхнікай: серыі «Казкі на паліцы», «Цырк», «Музыкі» і інш.

Г.А.Фатыхава.

Л.Кальмаева. Цырк. 1996.

т. 7, с. 491

КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),

венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.

Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.

І.Кальман.

т. 7, с. 492

КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,

вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд. ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.

В.В.Варановіч.

т. 7, с. 492

КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,

міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К. у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаў Густаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.

т. 7, с. 492