КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),
вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.
У.Г.Залатагораў.
т. 7, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)