КАЛЬКУЛЯ́ТАР, мікракалькулятар,
электронная вылічальная прылада. Вырабляецца на аснове мікрапрацэсара; мае клавіятуру для ўводу лікаў і камандаў і індыкатар для ўзнаўлення вынікаў дзеянняў. Бываюць кішэнныя і настольныя; найпрасцейшыя, інжынерныя і праграмавальныя.
Найпрасцейшы К. выконвае арыфм. дзеянні над дзесятковымі лікамі, часам здабыванне кораня і інш. Інжынерныя К. дадаткова вылічваюць значэнні трыганаметрычных і лагарыфмічных функцый і інш. Праграмавальныя К. па структуры набліжаюцца да ЭВМ, маюць аператыўную памяць для захоўвання лікаў і камандаў сістэма камандаў дазваляе рэалізаваць праграмы, якія маюць разгалінаванні, цыклы, падпраграмы і інш.; у некаторых з іх набраную праграму можна запісаць на магн. картку, дзе яна захоўваецца ў гатовым для выканання выглядзе.
М.П.Савік.
т. 7, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)