Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),

тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.

Палацца Фарнезе ў Рыме. 1513—89.

т. 11, с. 541

ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр. Джурлані

(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),

італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла’» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб. апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сестры Матерасси. Л., 1991.

С.В.Логіш.

т. 11, с. 541

ПАЛА́Ц ЛЁГКАЙ АТЛЕ́ТЫКІ Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску,

крытае мнагамэтавае спарт. збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні, а таксама тэатр.-відовішчных мерапрыемстваў. Найб. спарт. збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. М.Каўко, У.Ісачанка, У.Крыштановіч). Прамавугольнае ў плане збудаванне (125 × 48 м; аб’ём каля 119 тыс. м³) мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў, залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхн. службы. Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі метал. ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі.

С.Дз.Філімонаў.

Палац лёгкай атлетыкі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 540

ПАЛА́Ц МАСТА́ЦТВАЎ у Мінску,

назва да 1991 рэсп. Мастацкай галерэі.

т. 11, с. 541

ПАЛА́Ц СПО́РТУ,

гл. ў арт. Спартыўныя збудаванні.

т. 11, с. 541

ПАЛАЧА́НЕ,

частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж. археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.

Г.В.Штыхаў.

т. 11, с. 541

«ПАЛАЧА́НІН»,

беларускае выдавецкае т-ва. Існавала ў 1910 у Вільні. Выдала зборнік гумарыст. вершаў А.Паўловіча «Снапок» (1910) і паэму Т.Шаўчэнкі «Кацярына» (1911) у перакладзе Х.Чарнышэвіча (рэд. перакладу Я.Купала).

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявінамі роднага слова. Мн., 1971. С. 146.

т. 11, с. 541

ПАЛАЧА́НЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Валожын; чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. Цэнтр сельсавета і калект. гаспадаркі добраахвотнага аб’яднання сялян «Палачаны». За 15 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 88 км ад Мінска. 1047 ж., 424 двары (2000). Асфальтабетонны з-д, акц. т-ва Маладзечна-лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік камсамольцам. Помнікі архітэктуры — царква Раства Прасвятой Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.), касцёл Роха (канец 18 ст.). За 1,5 км на Пн ад вёскі гіст. помнік — каменны крыж.

т. 11, с. 541

ПА́ЛАЧНІКІ,

атрад насякомых, гл. ў арт. Прывідавыя.

т. 11, с. 542

ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),

ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.

Палаш афіцэрскі. 19 ст.

т. 11, с. 542