ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),
тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.