Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАД’Е́ЛЬНІК (Monotropa),

род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.

В.В.Маўрышчаў.

Пад’ельнік звычайны.

т. 11, с. 493

ПАД’Е́ЛЬЦЫ,

вёска ў Дварнасельскім с/с Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 1 км на Пд ад горада і 3 км ад чыг. ст. Міёры, 181 км ад Віцебска. 553 ж., 146 двароў (2000). Б-ка, камбінат быт. абслугоўвання. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 494

ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,

складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.

Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = ​1/2 Cyρν​2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.

Да арт. Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць vн < vв , ціск pн > pв , Y — пад’ёмная сіла крыла.

т. 11, с. 494

ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл. Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс. кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц. т-ва «Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех. з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл. гл. ў арт. Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.

П.І.Рогач.

т. 11, с. 494

ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для падымання і перамяшчэння грузаў і людзей на адносна невялікія адлегласці. Падзяляюцца на грузападымальныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны і транспартавальныя. Бываюць перыяд. дзеяння (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, ліфты, пагрузчыкі, фунікулёры, дамкраты, лябёдкі, талі і інш.) і бесперапыннага (канвееры, ральгангі, транспарцёры, элеватары, эскалатары, прыстасаванні гідраўлічнага транспарту і пнеўматычнага транспарту). Да П.-т.м. адносяцца таксама машыны падвесных канатных дарог і манарэйкавых дарог.

І.І.Леановіч.

т. 11, с. 494

ПАД’ЁМНІК,

грузападымальная машына цыклічнага або бесперапыннага дзеяння для падымання грузаў і людзей у спец. грузанясучых прыстасаваннях, якія рухаюцца па вертыкальных (часам нахіленых) накіравальных ці па рэйкавым пуці. Бываюць канатныя, ланцуговыя, рэечныя. вінтавыя, плунжэрныя.

У найб. пашыраных канатных П. грузанясучыя прыстасаванні падвешваюцца на стальных канатах, якія агінаюць канатавядучыя шківы або навіваюцца на барабаны падымальных лябёдак. Маюць эл., часам гідраўл. прывод. Да П. адносяцца ліфты, скіпавыя пад’ёмнікі, суднападымальнікі, фунікулёры, эскалатары, буд. П. (мачтавыя, канатныя, шахтавыя і інш.), П. на аўтамабілях-вышках і г.д.

Пад’ёмнікі: 1 — трактарны для работ на вышыні (з-д «Белспецкамунмаш»); 2 — «Рамонтнік» для разгрузкі транспартных сродкаў і падачы грузаў у аконныя праёмы (ВА «Белкамунмаш»).

т. 11, с. 494

ПАД’ЁМНЫ КРАН,

грузападымальная машына перыядычнага (цыклічнага) дзеяння для падняцця і перамяшчэння грузаў на невял. адлегласці. Бываюць паваротныя і непаваротныя, стацыянарныя і перасоўныя. Выкарыстоўваюцца ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, на буд-ве, транспарце і інш.

Асн. часткі П.к.: нясучыя канструкцыі (маставая ці кансольная ферма, вежа, мачта, страла, партал), гал. грузапад’ёмны механізм (лябёдка, тэльфер), сілавая ўстаноўка (электрычны рухавік, дызель і інш.), механізмы перамяшчэння крана, павароту, грузазахопныя прыстасаванні і інш. Паваротныя П.к. бываюць: чыгуначныя, веласіпедныя (з рэйкамі на розных узроўнях), пнеўмаколавыя, аўтакраны, гусенічныя, насценныя і дахавыя. Непаваротныя: маставыя з катучай маставой фермай, што перамяшчаецца па рэйках (у т.л. кран-бэлькі), перагрузачныя (маставыя перагружальнікі, казловыя і кабельныя краны), насценна-кансольныя. Ёсць таксама паваротныя і непаваротныя плывучыя краны, высокія мачтавыя і вежавыя краны, спец. металургічныя і інш. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць верталёты-краны. Грузападымальнасць П.к. да 2,5 тыс. т. Простыя драўляныя П к выкарыстоўваліся да канца 18 ст., суцэльнаметалічныя з’явіліся ў 1820-х г., з мех. прыводам — у 1830-х г. Паравы П.к. створаны ў 1830, гідраўлічны ў 1847 (Вялікабрытанія), з электрарухавіком у 1880—85, з рухавіком унутр. згарання ў 1895 (ЗША, Германія). У Расіі вытв-сць П.к. пачата ў канцы 19 ст.

Літ.:

Справочник по кранам. Т. 1—2. Л., 1988.

І.І.Леановіч.

Пад’ёмныя краны: 1—6 — паваротныя (1 — чыгуначны, 2 — пнеўмаколавы, 3 — гусенічны, 4 — партальны, 5 — мачтава-стралавы, 6 — суднавы); 7—9 — непаваротныя (7 — насценна-кансольны, 8 — маставы, 9 — кабельны).

т. 11, с. 494

ПАДЖА́РАЎ (Віктар Кузьміч) (н. 19.11.1925, в. Сташына Магілёўскага р-на — 8.5.1998),

бел. вучоны ў галіне лясной меліярацыі і рэкультывацыі зямель. Д-р с.-г. н. (1978). Засл. лесавод Беларусі (1980). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1957 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (у 1958—63 дырэктар Жорнаўскай лясной доследнай станцыі, з 1967 заг. лабараторыі). Навук. працы па меліярацыі і рэкультывацыі зямель. Распрацаваў асновы лесагасп. рэкультывацыі выпрацаваных тарфянікаў і лесамеліярац. аховы асушаных с.-г. зямель.

Тв.:

Защитное лесоразведение в Белоруссии: (Справ. пособие). Мн., 1980 (разам з У.Б.Арлоўскім, В.Н.Вараб’ёвым);

Полезащитные лесные полосы на торфяно-болотных почвах. Мн., 1983.

т. 11, с. 494

ПАДЗАКО́ННЫ АКТ,

прававы акт органа дзярж. улады, які мае больш нізкую юрыд. сілу, чым закон. Прымаецца на аснове і ў выкананне закону. У Рэспубліцы Беларусь да П.а. адносяцца ўказы Прэзідэнта, пастановы і распараджэнні ўрада, мін-ваў, дзярж. к-таў і інш. органаў выканаўчай улады, а таксама пастановы палат Нац. сходу, рашэнні судоў і інш.

т. 11, с. 495

ПА́ДЗЕВЫ МЁД,

салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т.л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т.л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.

т. 11, с. 495