ПАД’Е́ЛЬНІК (Monotropa),

род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.

В.В.Маўрышчаў.

Пад’ельнік звычайны.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)