Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІРШАКА́Р (сапр. Міршакараў) Мірсаід

(н. 6.5.1912, кішлак Сіндэў Шугнанскага р-на, Таджыкістан),

таджыкскі пісьменнік. Нар. паэт Таджыкістана (1962). Друкуецца з 1930. Заснавальнік жанру эпічнай паэмы ў тадж. л-ры. У паэмах «Залаты кішлак» (1942), «Няскораны Пяндж» (1949), «Ленін на Паміры» (1955), «Каханне і абавязак» (1962), «Бунт розуму» (1978), зб-ках вершаў лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі тадж. народа. Адзін з пачынальнікаў тадж. дзіцячай л-ры; драматург. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Грачанікаў, М.​Чарняўскі. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977;

Пятиречье. М., 1983.

Літ.:

Кедрина З. Мирсаид Миршакар. М., 1954.

М.Міршакар.

т. 10, с. 471

МІ́РЭК (Альфрэд Марцінавіч) (н. 21.11. 1922, Ташкент),

расійскі акардэаніст, метадыст, дырыжор, інструментазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1995). Д-р мастацтвазнаўства (1987). Скончыў муз. вучылішча (1950) і Ін-т культуры (1967) у Маскве. З 1947 выкладае, у т. л. з 1975 у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі, з 1980 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1988 праф.). Заснавальнік (1997) Міжнар. музея рус. гармоніка ў Маскве (на базе ўласнай калекцыі, больш за 150 інструментаў). Аўтар вучэбна-метадычных і інструментазнаўчых прац, у т. л. энцыклапедыі «Гармонік» (1994), аўтабіягр. кн. «Запіскі вязня» (1989) і «Турэмны рэквіем» (1997), складальнік шматлікіх зборнікаў п’ес і аўтар пералажэнняў для акардэона.

Тв.:

Школа игры на аккордеоне. М., 1962;

Из истории аккордеона и баяна. М., 1967;

Справочник по гармоникам. М., 1968;

Основа постановки аккордеониста. Киев, 1974.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 471

МІР ДЖАЛА́Л (сапр. Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),

азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-р філал. н. (1947). Скончыў пед. ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял. Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб. вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.​Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.​Дж. пераклаў В.​Рабкоў.

Тв.:

Рус. пер.: — Куда ведут дороги. М., 1979.

т. 10, с. 461

МІР МІЖНАРО́ДНЫ,

стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт. сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.​Франк, Я.​Каменскі, Ш.​Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.​Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.​Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.​Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжванне калект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.

Літ.:

Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;

Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.

В.​У.​Боўш.

т. 10, с. 461