МІЖНАРО́ДНЫ АСТРАНАМІ́ЧНЫ САЮ́З (MAC; International Astronomical Union),
навуковая арганізацыя, якая садзейнічае развіццю астраноміі ва ўсіх яе аспектах. Засн. ў 1919. Асн. мэты: каардынацыя ў міжнар. маштабе астр. даследаванняў (астрафізіка, зорная астраномія, радыёастраномія, планетныя сістэмы, фундаментальная астраномія і інш.), афіцыйнае прысваенне назваў і абазначэнняў астр. целам і дэталям іх паверхні і інш. Члены MAC 60 краін (1999). Сакратарыят — у Парыжы.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 341
МІЖНАРО́ДНЫ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (МБРР; International Bank for Reconstruction and Development),
спецыялізаваная ўстанова AAH. Створаны ў 1945 паводле рашэнняў канферэнцыі ў Брэтан-Вудсе (ЗША, 1944). Асн. задачы: стымуляванне эканам. развіцця краін-удзельніц; садзейнічанне развіццю міжнар. гандлю і падтрыманне плацежных балансаў. Краіны — атрымальнікі крэдытаў абавязаны выконваць рэкамендацыі банка. Здаваць яму справаздачы аб выкарыстанні пазык. Сродкі МБРР ствараюцца ў выніку ўзносаў удзельнікаў і размяшчэння аблігацый на міжнар. рынках пазыковага капіталу. Вышэйшы орган банка — савет кіраўніцтва. Праўленне знаходзіцца ў Вашынгтоне.
т. 10, с. 341
МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,
прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентамі інш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв. трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар. эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.
В.А.Дадалка.
т. 10, с. 341
МІЖНАРО́ДНЫ ВАЕ́ННЫ ТРЫБУНАЛ (МВТ),
міжнародны суд. орган па праследаванні і пакаранні гал. ваен. злачынцаў. Першы М.в.т. для пакарання гал. ваен. злачынцаў еўрап. краін, якія змагаліся на баку фаш. Германіі, створаны 8.8.1945 паводле Лонданскага пагаднення паміж урадамі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Да пагаднення далучыліся 19 краін. Месцазнаходжанне — Берлін, месца правядзення суд. працэсу — г. Нюрнберг (гл. Нюрнбергскі працэс). М.в.т. для Д. Усходу створаны 19.1.1946 у выніку пагаднення паміж Кітаем, Францыяй, Нідэрландамі, Канадай, Новай Зеландыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй, СССР, Аўстраліяй (пазней далучыліся Філіпіны і Індыя) з мэтай асуджэння яп. ваен. злачынцаў у 2-й сусв. вайне. Суд. працэс адбыўся ў 1946—48 (гл. Такійскі працэс).
т. 10, с. 341
МІЖНАРО́ДНЫ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (МВФ; International Monetary Fund),
спецыялізаваная ўстанова ААН, засн. ў 1947 паводле рашэнняў канферэнцыі ў Брэтан-Вудсе (ЗША, 1944). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца чл. МВФ з 1992. Мэты МВФ: садзейнічаць міжнар. супрацоўніцтву ў валютна-фін. галіне і развіццю сусв. гандлю, рэгуляваць валютныя адносіны краін-удзельніц. Фонд прадастаўляе кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя крэдыты, яго актывы ствараюцца пераважна за кошт узносаў (квот) дзяржаў-удзельніц. Праўленне МВФ знаходзіцца ў Вашынгтоне (аддзяленне — у Парыжы).
т. 10, с. 341
МІЖНАРО́ДНЫ ГА́НДАЛЬ,
сукупнасць знешняга гандлю розных краін свету; працэс сусв. гандлю. Зыходныя прынцыпы М.г. сфармуляваў у 1919 шведскі вучоны Э.Ф.Хекшэр, у 1930-я г. развіў яго вучань Б.Олін. Паглыбленне тэарэт. уяўленняў пра М.г. звязана з развіццём у пач. 1950-х г. практычнага эканоміка-матэм. мадэліравання (В.Лявонцьеў, М.Дуглас). На тэарэт. узроўні адрозніваюць аўтаркію (урад краіны стварае такую сістэму абмежаванняў, што знешні гандаль робіцца нявыгадным, настае ізаляцыя краіны ад знешняга свету), і сістэму свабоднага гандлю (адсутнічаюць абмежаванні ў гандлі). Павелічэнне гандл. абмежаванняў, або палітыка пратэкцыянізму, забяспечвае ахову інтарэсаў унутр. вытворцы, а іх зняцце, або лібералізацыя, садзейнічае павелічэнню знешнегандл. абароту краіны і выцясненню неканкурэнтаздольнай прадукцыі імпартнымі таварамі. Выбар форм і спосабаў удзелу краін у М.г. вызначае стратэгію правядзення дзярж. інвестыцыйнай палітыкі.
В.А.Дадалка.
т. 10, с. 342
МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),
перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т.л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.
т. 10, с. 342
МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ АБАРО́НЫ ДЗЯЦЕ́Й,
дзень мабілізацыі міжнар. сусв. грамадскасці ў абарону дзяцей ад пагрозы вайны, за захаванне іх здароўя, за іх выхаванне і адукацыю на дэмакр. аснове. Устаноўлены ў 1949 на Маскоўскай сесіі Савета Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын у адпаведнасці з рашэннямі яе 2-га кангрэса. Адзначаецца штогод 1 чэрвеня. Упершыню адзначаны ў 1950 у 51 краіне.
т. 10, с. 342