Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖНАРО́ДНАЯ ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА (МГП; International Chamber of Commerce),

няўрадавая міжнар. арг-цыя. Засн. ў 1919. Аб’ядноўвае гандл. палаты каля 100 краін. Месцазнаходжанне — Парыж. Садзейнічае паляпшэнню эканам. адносін паміж краінамі, устанаўленню дзелавых кантактаў і ўзаемаразумення, забяспечвае аднастайнае тлумачэнне асн. правіл міжнар. гандлю. Пры МГП дзейнічаюць Міжнар. арбітражны суд і Бюро сувязі з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі. Рашэнні МГП носяць рэкамендацыйны характар.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ГРАМА́ДСКАЯ СЛАВЯ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ навукі, адукацыі, мастацтваў і культуры (МГСА). Створана ў 1992 у Маскве па ініцыятыве прадстаўнікоў краін СНД. Прэзідэнт Б.Іскакаў. Штаб-кватэра і кіруючыя органы МГСА у Маскве. Складаецца з 7 аддзяленняў прыродазнаўча-навук. і 13 гуманітарна-сац. профілю. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бел. аддзяленне, якое ўтворана ў 1993 (перарэгістравана ў 2000). Яго членамі з’яўляюцца дзеячы навукі і культуры: мастакі, пісьменнікі, кампазітары, акцёры, балетмайстры, дырыжоры, кінарэжысёры. Прэзідэнт Бел. аддзялення МГСА акад. Нац. АН Беларусі В.М.Гурын. Асн. кірункі дзейнасці МГСА — вывучэнне міжслав. культ. сувязей, этнагенезу слав. народаў, арганізацыя і правядзенне сумесных навук. даследаванняў, канферэнцый і інш.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),

масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.Я.Рошчын.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ СВАБО́ДНЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (МКСП; International Confederation of Free Trade Unions),

міжнароднае прафс. аб’яднанне. Створана ў 1949 на ўстаноўчай канферэнцыі ў Лондане правымі прафс. лідэрамі ЗША і Вялікабрытаніі пасля расколу Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. У пач. 1999 уключала 213 нац. прафс. арг-цый (124 млн. чл.). Вышэйшы орган МКСП — Кангрэс, які склікаецца раз у 4 гады. Кангрэс выбірае Выканком і ген. сакратара (Б.Джордан). Выканком выбірае прэзідэнта МКСП (Л.Трутман). Бягучую работу вядзе Сакратарыят (знаходзіцца ў Бруселі). Афіц. орган МКСП — штотыднёвік «Free Labour World» («Свет свабоднай працы»).

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ХРЫСЦІЯ́НСКІХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (МКХП; International Confederation of Christian Trade Unions),

міжнароднае аб’яднанне прафсаюзаў, заснаванае ў 1920. З кастр. 1968 — Сусветная канфедэрацыя працы.

т. 10, с. 340

міжнародная касмічная станцыя

т. 18, кн. 1, с. 428

МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),

спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар. гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар. гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).

т. 10, с. 340

МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ (United Nations Environment Program; ЮНЕП),

міжурадавая праграма, створаная па ініцыятыве Стакгольмскай канферэнцыі ААН па праблемах навакольнага асяроддзя і рашэнні Ген. асамблеі ААН (1972). У праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 113 краін і 40 міжнар. арг-цый. Забяспечвае і каардынуе ў міжнар. маштабе мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Асн. кірункі дзейнасці: ахова сусв. акіяна і паветра ад забруджвання, ахова і рацыянальнае выкарыстанне глеб і павышэнне іх урадлівасці, перапрацоўка і утылізацыя прамысл. адходаў, распрацоўка метадаў назірання за біясферай па ўплыве на яе гасп. дзейнасці (маніторынг) і інш. Супрацоўнічае з Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, Навуковым камітэтам па праблемах навакольнага асяроддзя, ЮНЕСКА і інш. ЮНЕП каардынуецца адм. саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш як 60 краін. Штаб-кватэра ў г. Найробі (Кенія). У 1984 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ўзнагароджана сярэбраным медалём ЮНЕП за прапаганду прыродаахоўнай дзейнасці і актыўнае пашырэнне прыродазнаўчых ведаў.

М.М.Пікулік.

т. 10, с. 340

МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАКТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́ (МПТШ-68),

тэмпературная шкала, устаноўленая Міжнар. к-там мер і вагі ў 1968 на аснове 11 першасных узнаўляльных тэмпературных пунктаў (рэперных пунктаў; напр., трайны пункт вады, пункты кіпення неону, зацвердзявання серабра), кожнаму з якіх нададзена пэўнае значэнне т-ры. Адрозніваюць міжнар. практычныя т-ры Кельвіна (T68) і Цэльсія (t68), пры гэтым t68 = T68−273,15 К, 1 °C = 1 К. Т-ра, вызначаная па МПТШ-68, у межах хібнасцей вымярэнняў супадае з т-рай па тэрмадынамічнай шкале, якая прынята ў фізіцы за асноўную.

т. 10, с. 340