Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Капліч Валерый Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 401

КАПЛУ́Н,

бел. страва, прыгатаваная з кавалачкаў хлеба і вады. У гатаваную ваду (часам вар) крышылі цыбулю, хлеб, дадавалі соль, запраўлялі алеем або салам. Елі з бульбай. Страва вядома на Брэстчыне.

т. 8, с. 28

КАПЛЯКО́Ў (Сяргей Віктаравіч) (н. 23.1.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. спартсмен (плаванне). Засл. майстар спорту СССР (1979). Скончыў Ленінградскі ін-т фіз. культуры (1981). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на дыстанцыі 200 м, у эстафеце 4 × 200 м вольным стылем, сярэбраны прызёр у эстафеце 4 × 100 м, камбінаванае плаванне. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у эстафеце 4 × 200 м вольным стылем, чэмпіянату свету (1978, Берлін), бронз. прызёр на дыстанцыі 200 м вольным стылем. Чэмпіён Еўропы ў эстафеце 4 × 200 м вольным стылем (1977, г. Іёнчэпінг, Швецыя), на дыстанцыі 200 м вольным стылем (1981, г. Спліт, Югаславія); чэмпіён СССР (1978, 1981), рэкардсмен свету на дыстанцыі 200 м вольным стылем, Еўропы ў эстафеце 4 × 100 м і 4 × 200 м (1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 28

КАПНАДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Capnodiales),

парадак сумчатых грыбоў кл. аскаміцэтавых. 711 родаў, 4774 відаў. Пашыраны ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Ва ўмераных зонах і на Беларусі трапляюцца віды Meliola nidularis (выклікае чарнату на брусніцах, дурніцах, чарніцах), Capnodium salicinum (захворванне вярбы), С. tiliae (захворванне ліпы). Развіваюцца за кошт выдзяленняў тлі.

Пладовыя целы (шара-, падушка-, шчыткападобныя) утвараюцца на паверхні лісця і сцёблаў. Сумкі знаходзяцца ў поласцях, адзіночныя ці нешматлікія з патоўшчанай абалонкай на верхнім канцы. Споры з некалькімі перагародкамі, бясколерныя або бурыя, акружаны слізістым чахлом. У цыкле развіцця некат. віды маюць недасканалыя стадыі.

В.​С.​Гапіенка.

т. 8, с. 28

КАПНІ́Н (Павел Васілевіч) (27.1.1922, с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. — 27.6.1971),

расійскі філосаф. Чл.-кар. АН СССР (1970), акад. АН УССР (1967). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1947 на навук. і пед. рабоце ў Томску, Маскве, Кіеве. З 1962 дырэктар Ін-та філасофіі АН УССР, з 1968 Ін-та філасофіі АН СССР. Асн. працы ў галіне гнасеалогіі, дыялект. матэрыялізму, метадалогіі і логікі навук. пазнання.

Тв.:

Гипотеза и познание действительности. Киев, 1962;

Логические основы науки. Киев, 1968;

Диалектика, логика, наука. М., 1973;

Гносеологические и логические основы науки. М., 1974.

т. 8, с. 28

КАПНІ́СТ (Васіль Васілевіч) (23.2.1758 або 1757, с. Вялікая Абухаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1823),

расійскі паэт і драматург, адзін з прадстаўнікоў класіцызму. Выступаў у жанры оды, элегіі, анакрэантычнага верша, камедыі. Папулярнасць прынёс вершаваны твор «Сатыра першая» (1780), накіраваны супраць невуцтва, заганных якасцей характару дваран. Аўтар грамадз. антыпрыгонніцкіх твораў «Ода на рабства» (1783, апубл. 1806), «Ода на знішчэнне ў Расіі звання раба» (1786). Бюракратызм, прадажнасць тагачаснага суда і інш. негатыўныя сац. з’явы паказаны ў вершаванай сатыр. камедыі «Паклёп» (паст. 1798; першапачаткова наз. «Паклёпнік», 1793, забаронена цэнзурай). «Лірычныя творы» (1806) К. прасякнуты перадрамантычнымі матывамі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1960;

Избр. произв. М., 1973.

Літ.:

Берков П.Н. В.В Капнист. Л.;

М., 1950.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 28

КАПО́ ((Copeau) Жак) (4.2.1879, Парыж — 20.10.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай франц. рэжысуры. Вучыўся ў Сарбоне. У 1913 у Парыжы заснаваў т-р «В’ё каламб’е» («Тэатр старой галубятні»; кіраваў да 1924). Ставіў п’есы Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, К.​Гоцы, М.​Гогаля, П.​Мерымэ, творы сучасных яму драматургаў («Крамдэйр стары» Ж.​Рамэна, 1920; «Мішэль Аклэр» Ш.​Вільдрака, 1922). Імкнуўся ствараць паэт. філас. спектаклі, адстойваў выхаваўча-этычнае значэнне мастацтва. У 1915 адкрыў тэатр. школу. Як акцёр выканаў ролі: Жака («Як вам гэта спадабаецца» Шэкспіра), Івана Карамазава («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). У 1936—40 працаваў у т-ры «Камеды Франсэз». Аўтар п’ес «Ранішні туман» (1897), «Родны дом» (1924) і інш.

т. 8, с. 29

КАПО́РСКІ ЧАЙ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Скрыпнёвыя.

т. 8, с. 29

КАПО́РЦЫ,

кветкавая расліна, тое, што каперсы.

т. 8, с. 29

КАПО́ТЭ ((Capote) Трумэн) (30.9.1924, г. Новы Арлеан, ЗША — 25.8.1984),

амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Іншыя галасы, іншыя пакоі» (1948). Адзінота і чалавек, мара і рэальнасць амер. жыцця, злачыннасць і грамадства — асн. тэмы яго твораў (зб. апавяд. «Дрэва ночы», 1949; аповесці «Лугавая арфа», 1953; «Снеданне ў Тыфані», 1958; «Самаробныя дамавінкі», 1980; дакумент. рамак «Звычайнае забойства», 1965). Аўтар аўтабіягр. апавяданняў (зб. «Музыка для хамелеонаў», 1980), эсэ, нарысаў, дарожных нататак. У творах выкарыстоўваў гатычныя матывы, гратэск і фантасмагорыю, яны адметныя лірызмам, высокім стылістычным майстэрствам і камерным псіхалагізмам.

Тв.:

Рус. пер. — Один из путей в рай. М., 1967;

Голоса травы. М., 1971.

Літ.:

Писатели США М., 1990.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 8, с. 29