КАПНАДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Capnodiales),

парадак сумчатых грыбоў кл. аскаміцэтавых. 711 родаў, 4774 відаў. Пашыраны ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Ва ўмераных зонах і на Беларусі трапляюцца віды Meliola nidularis (выклікае чарнату на брусніцах, дурніцах, чарніцах), Capnodium salicinum (захворванне вярбы), С. tiliae (захворванне ліпы). Развіваюцца за кошт выдзяленняў тлі.

Пладовыя целы (шара-, падушка-, шчыткападобныя) утвараюцца на паверхні лісця і сцёблаў. Сумкі знаходзяцца ў поласцях, адзіночныя ці нешматлікія з патоўшчанай абалонкай на верхнім канцы. Споры з некалькімі перагародкамі, бясколерныя або бурыя, акружаны слізістым чахлом. У цыкле развіцця некат. віды маюць недасканалыя стадыі.

В.​С.​Гапіенка.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)