КАПНІ́СТ (Васіль Васілевіч) (23.2.1758 або 1757, с. Вялікая Абухаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1823),
расійскі паэт і драматург, адзін з прадстаўнікоў класіцызму. Выступаў у жанры оды, элегіі, анакрэантычнага верша, камедыі. Папулярнасць прынёс вершаваны твор «Сатыра першая» (1780), накіраваны супраць невуцтва, заганных якасцей характару дваран. Аўтар грамадз. антыпрыгонніцкіх твораў «Ода на рабства» (1783, апубл. 1806), «Ода на знішчэнне ў Расіі звання раба» (1786). Бюракратызм, прадажнасць тагачаснага суда і інш. негатыўныя сац. з’явы паказаны ў вершаванай сатыр. камедыі «Паклёп» (паст. 1798; першапачаткова наз. «Паклёпнік», 1793, забаронена цэнзурай). «Лірычныя творы» (1806) К. прасякнуты перадрамантычнымі матывамі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1960;
Избр. произв. М., 1973.
Літ.:
Берков П.Н. В.В Капнист. Л.;
М., 1950.
С.Ф.Кузьміна.
т. 8, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)