ВІЕ́РУ
(Vieru) Анатал (н. 8.6.1926, г. Ясы, Румынія),
румынскі кампазітар. Д-р музыказнаўства (1978). Вучыўся ў Бухарэсцкай (1946—51) і Маскоўскай (1951—54, клас А.Хачатурана) кансерваторыях. Адзін з вядучых рум. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Іона» (1976), «Свята жабракоў» (1978), 3 камічныя мікраоперы паводле твораў І.Л.Караджале (1983); араторыя «Міярыца» (1957), паэма-кантата «Дрозд Іліе Пінтыліе» (1948), кантата для барытона, аргана, віяланчэлі і кантрабаса «Опус 91» (1983); 5 сімфоній (1967—85); п’есы «Клепсідра-І» і «Клепсідра-II» (1968, 1970) для аркестра, канцэрты для аркестра (1955), для розных інструментаў з аркестрам (1963—85), камерна-інстр. ансамблі, сюіта для 2 хароў а капэла «Начныя сцэны» (1963) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1949.
т. 4, с. 144
ВІЕ́РУ
(Vieru) Грыгорэ Паўлавіч (н. 14.2.1935, с. Перэрыта Брычанскага р-на, Малдова),
малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1958). Друкуецца з 1954. Асн. матывы творчасці — любоў да жыцця, бацькоўскай зямлі, працы (зб-кі «Вершы», 1965; «Імя тваё», 1968; «Блізкае», 1974; «Пра каханне», 1975; «Ліст зялёны», 1982, і інш.). Лірыка Віеру адметная непасрэднасцю пачуццяў, высокім майстэрствам. Піша для дзяцей. На бел. мову творы Віеру перакладалі Т.Бондар, Г.Бураўкін, А.Грачанікаў, В.Зуёнак, Е.Лось, Ю.Свірка, К.Цвірка, Я.Янішчыц і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Імя тваё: Лірыка. Мн., 1986.
т. 4, с. 144
ВІЕ́Т,
В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, у выніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.
Літ.:
История математики. Т. 1. М., 1970.
т. 4, с. 145
ВІЁЛЫ
(італьян. viola),
сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c1, e1, a1;, d2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d1; вял. басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.
т. 4, с. 145
ВІЁН,
Вільён (Villon) Франсуа (сапр. дэ Манкарб’е або дэ Лож; de Montcorbier, des Loges; каля 1431, Парыж — пасля 5.1.1463), французскі паэт. Скончыў Сарбону (1452). Не парываючы са студэнцкай багемай, Віён стаў заўсёднікам парыжскіх тавернаў і прытонаў, сябраваў з крымінальнікамі, валацужнічаў па Францыі. Усё гэта адбілася ў паэзіі Віёна, яскравай і своеасаблівай, дзе побач з матывамі пераходнасці, недаўгавечнасці ўсяго існага, захаплення ўцехамі жыцця і каханнем выступаюць і сац. матывы. Абвінавачваўся ў злачынствах, неаднаразова трапляў у турму, у 1463 прыгавораны да смяротнай кары, замененай на дзесяцігадовае выгнанне. Далейшы лёс Віёна невядомы. Аўтар «Малога запавету» (1456) і «Вялікага запавету» (1461), «Балады пра павешаных» (1463). Асобныя яго вершы на бел. мову перакладалі З.Колас, А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел. пер. — Балада ісцін навыварат;
Чатырохрадкоўе // Наша слова. 1992. № 29;
Рус. пер. — Стихи. М., 1963;
Лирика. М., 1981.
Літ.:
Сент-Бёв Ш. Франсуа Вийон // Сент-Бёв Ш. Литературные портреты: Критич. очерки: Пер. с фр. М., 1970;
Косиков Г.К. Франсуа Вийон // Villon F. Oeuvres. М., 1984;
Фавье Ж. Франсуа Вийон: Пер. с фр. М., 1991.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 4, с. 145
ВІЁЦІ
(Viotti) Джавані Батыста (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),
італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.Пуньяні. Папярэднік Н.Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.Казімір Агінскі і М.Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.
т. 4, с. 145
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 145
ВІ́ЗА
(Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 145