ВІЁЛЫ
(італьян. viola),
сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c1, e1, a1;, d2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d1; вял. басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)