Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САРА́НСК,

горад, сталіца Мардовіі, у Расіі, на левым беразе р. Інсар (бас. р. Волга). Засн. ў 1641 як крэпасць на паўд.-ўсх. мяжы Расійскай дзяржавы. 318 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (у т. л. эл.-тэхн., прыладабудаўніцтва, вытв-сць экскаватараў, аўтасамазвалаў, тэлевізараў; з-ды; мех., мед. абсталявання і прэпаратаў, кабельны і інш.), хім.-фармацэўтычная і хім., харч., лёгкая. 2 ВНУ, у т. л. Мардоўскі ун-т. 3 тэатры: драмы, муз. камедыі, лялек. Філармонія. Музеі: краязн., карцінная галерэя, скульптара С.​Дз.​Эрзі. Арх. помнікі: царква Іаана Багаслова (канец 17 ст.), мураваныя палаты (т. зв. Пугачоўская палатка, 17 ст.) і інш.

т. 14, с. 176

САРАНЧА́НЫ, Серанчаны,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,68 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 45,6 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—3 м (на ПдЗ 6—8 м), параслі лесам і хмызняком. Пойма шыр. 5—10 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, на У участкамі выш. да 0,7 м. Востраў пл. 0,4 га. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Лодасі, выцякае ручай у р. Страча.

т. 14, с. 176

САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),

надсямейства караткавусых насякомых атр. прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.

Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.

т. 14, с. 176

САРА́ПУЛ,

горад, цэнтр Сарапульскага р-на Рэспублікі Удмурція, у Расіі. Вядомы з 16 ст. 106 тыс. ж. (1999). Порт на р. Кама. Чыг. станцыя. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. З-ды; маш.-буд., электрагенератарны, «Электрабытпрыбор», радыёзавод; гарбарны камбінат, мэблевая, абутковая і швейная ф-кі. Харч. прадпрыемствы. Дрэваапрацоўка. Драм. тэатр. Музей гісторыі і культуры Сярэдняга Прыкам’я.

т. 14, с. 176

СА́РАС (грэч. saros),

прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 ​1/3 сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).

т. 14, с. 176

САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.​Вяняўскім і Л.​Аўэрам, віяланчэлістамі К.​Давыдавым і А.​Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.​Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.​Страдывары.

т. 14, с. 177

СА́РАСВАТЫ,

у старажытнаіндыйскай ведыйскай міфалогіі (гл. Веды) гал. рака сусвету і яе багіня. Паўнаводная і магутная С. ачышчае і лечыць, нясе дары, ежу, патомства, жыццёвую сілу і бессмяротнасць. Яна — багіня свяшчэннай мовы і апякунка спевакоў. У пасляведыйскую эпоху С. — багіня красамоўства і мудрасці, жонка Брахмы, вынаходніца санскрыту, апякунка мастацтваў і навук.

Сарасваты. Базальт. 11 ст. Бенгалія.

т. 14, с. 177

САРА́ТАЎ,

горад, цэнтр Саратаўскай вобл. ў Расіі. Засн. ў 1590 як умацаваны пункт на паўд.-ўсх. межах Расіі. 874 тыс. ж. (1999). Порт на р. Волга (Валгаградскае вадасх.). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды станкабуд., авіяц., энергет., электроннага машынабудавання, падшыпнікавы, дызельны і інш.), эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч., лёгкая. З-д тэхн. шкла. 10 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. 4 тэатры, у т. л. тэатр оперы і балета. Цырк. Планетарый. Музеі: краязн., мастацкі, М.​Г.​Чарнышэўскага, К.​А.​Федзіна, Музей-кватэра сям’і Ульянавых. Троіцкі сабор (17 ст.), грамадскія і жылыя будынкі 1-й пал. 19 ст.

т. 14, с. 177

САРА́ТАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у Ніжнім Паволжы. Утворана 10.1.1934. Пл. 100,2 тыс. км². Нас. 2907 тыс. чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — г. Саратаў. Найб. гарады: Балакова, Энгельс, Балашоў, Вольск.

Вобласць падзяляецца р. Волга на 2 часткі: зах. (правабярэжную) і ўсх. (левабярэжную, Заволжа). Б.ч. правабярэжжа займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 370 м), на З — Окска-Данская раўніна. Левабярэжная частка раўнінная, з У і ПнУ абмежавана адгор’ямі Агульнага і Каменнага Сырта. На ПдУч. Прыкаспійскай нізіны. Паверхня моцна парэзана ярамі. Карысныя выкапні: прыродны газ, нафта, гаручыя сланцы, калійна-магнезіяльныя солі, фасфарыты, сыравіна для буд. матэрыялаў. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 21,7 °C. Ападкаў за год ад 250 мм на ПдУ да 450 мм на Пн. Гал. р. Волга (у межах вобласці 420 км) з прытокамі Церашка (справа), Вял. і Малы Іргіз (злева); найб. прытокі р. Дон — Хапёр і Мядзведзіца, рэкі Вял. і Малы Узень у Заволжы. Валгаградскае і Саратаўскае вадасховішчы. Саратаўскі і Ерусланскі абвадняльныя каналы. Каля 80% тэр. вобласці ў стэпавай зоне з чарназёмнымі глебамі, у Заволжы пашыраны каштанавыя і светла-каштанавыя глебы. Лясістасць 5,5% (вяз, дуб, бяроза). Хвалынскі нац. парк.

Асн. галіна эканомікі — прамысловасць, дзе вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (20,1% кошту прадукцыі, 1999). Вытв-сць самалётаў, тралейбусаў, станкоў, электрарухавікоў, акумулятараў, прылад, падшыпнікаў, дызеляў, аўтатрансп. прычэпаў, запчастак для аўтамабіляў, халадзільнікаў і маразільнікаў; аўтарамонт. Паліўна-энергет. комплекс (29%) прадстаўлены здабычай прыроднага газу (367 млн м³), нафты і кандэнсату (1,5 млн. т), вытв-сцю электраэнергіі (31,1 млрд. кВтгадз, 1999). Саратаўская ГЭС, Балакоўская АЭС. Развіта хім. і нафтахім. (штучнае і сінт. валакно, мінер. ўгнаенні, серная к-та, гумава-тэхн. вырабы), буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, мел, тэхн. шкло, цэгла і інш.), дрэваапр., лёгкая (трыкат., абутковая, швейная, вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін), харч. прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа. У структуры сельскай гаспадаркі 81 % прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 4,4 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 72% (пшаніца азімая і яравая, ячмень, проса, жыта), тэхн. 9,4% (сланечнік, цукр. буракі), кармавымі 17,3%. Вырошчваюць бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Даўж. чыгунак 2312 км; асн. чыгункі Масква—Саратаў—Арэнбург, Валгаград—Казань. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9828 км (Саратаў—Варонеж, Саратаў—Пенза і інш.). Суднаходства па Волзе і Вял. Іргізе. Парты: Саратаў, Энгельс, Вольск, Балакова. Буйн. газаправоды: Саратаў—Масква, Саратаў—Пенза—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец, Сярэдняя Азія—Цэнтр. Курорт імя В.​І.​Чапаева.

П.​І.​Рогач.

т. 14, с. 177

САРА́ТАЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Г.​Чарнышэўскага,

адзін са старэйшых ун-таў Расіі, буйны адукацыйны і навук. цэнтр. Засн. ў 1909, з 1921 імя Чарнышэўскага. У 2000/01 навуч. г. больш за 22 тыс. студэнтаў і 1,5 тыс. выкладчыкаў; 19 ф-таў, у т. л. фіз.; хім.; механіка-матэм.; філал.; біял.; геагр.; геал.; філас.; гіст.; гуманіт. і сац. навук; камп’ютэрных навук. і інфарм. тэхналогій; сацыялогіі; нелінейных працэсаў і інш. Аспірантура з 1925. Дактарантура з 1992. Працуюць 15 спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. У складзе ун-та Балашоўскі і Астраханскі філіялы; ін-ты — пед., Міжрэгіянальны грамадскіх навук, дадатковай прафес. адукацыі, Ін-т «Адкрытыя сістэмы»; каледж радыёэлектронікі; палітэхнікум; 4 НДІ (механікі і фізікі; геалогіі; хіміі; рус. мовы, л-ры і журналістыкі); Паволжскі рэгіянальны цэнтр новых інфарм. тэхналогій (у 1988 на яго базе створаны Цэнтр Інтэрнет), Цэнтр тэсціравання, Цэнтр міжнар. супрацоўніцтва і акад. мабільнасці, Цэнтр нелінейнай дынамікі і біяфізікі, Цэнтр еўрап. саюза, Цэнтр усходазнаўства, Цэнтр перспектыўных навук. даследаванняў; Занальная навук. б-ка (больш за 3 млн. экз. кніг; мае доступ да сусветных баз даных), бат. сад і інш.

т. 14, с. 177