СА́РАС (грэч. saros),

прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 ​1/3 сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)