САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),
надсямейства караткавусых насякомых атр. прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.
Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.
т. 14, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)