Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛЯ́РНАЯ НОЧ,

перыяд, калі Сонца не ўздымаецца над гарызонтам і няма прамога сонечнага асвятлення зямной паверхні. Назіраецца на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 10 снеж. да 3 студз., на 82° паўн. ш. — з 17 кастр. да 26 лютага. На Паўн. полюсе Сонца не ўзыходзіць 176 сут.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАЯ СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,

сукупнасць 2 лікаў, якая вызначае становішча адвольнага пункта P адносна некаторага фіксаванага пункта O (полюса) і некаторага фіксаванага праменя ON (палярнай восі), які выходзіць з полюса. Гэтыя каардынаты — палярны радыус ρ і палярны вугал φ — роўныя адпаведна адлегласці ад O да P і вуглу паміж ON і OP. Вугал φ наз. таксама амплітудай ці фазай пункта P. Для ўзаемна адназначнай адпаведнасці паміж пунктамі плоскасці і парамі палярных каардынат іх змена абмежавана: 0 ≤ ρ < +∞, 0 ≤ φ < 2π.

Палярная сістэма каардынат.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНЫЯ КРУГІ́ Паўночны і Паўднёвы,

геаграфічныя паралелі, якія знаходзяцца на Пн і Пд ад экватара на 66°33. У дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.) на Пн ад Паўн. палярнага круга Сонца не ўзыходзіць (палярная ноч), у дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.) — не заходзіць (палярны дзень). П.к. лічацца межамі халодных кліматычных паясоў.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,

малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.

У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл. Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫЯ СТА́НЦЫІ,

навукова-назіральныя пункты, створаныя на ўзбярэжжы кантынентаў і астравоў Паўн. Ледавітага ак. і ў Антарктыцы. Вядуць сістэматычныя аэраметэаралагічныя, актынаметрычныя, геамагнітныя, гідралагічныя, гляцыялагічныя і ў асобных выпадках біял. і мед. назіранні. Створаны ў перыяд 1-га Міжнар. палярнага года (1882—83). У 1990-я г. ў Арктыцы працавала каля 200 П.с., якія маюць важнае значэнне ў абслугоўванні навігацыі Паўн. марскога шляху. У Антарктыцы асн. сетка П.с. створана ў перыяд Міжнар. геафіз. года (1957—58) і пазней; у 1990-я г. — 48 пастаянных (зімовачных) станцый.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫ ДЗЕНЬ,

перыяд, калі Сонца многія суткі не апускаецца за гарызонт. Бывае на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 27 мая да 19 ліп., на 80° паўн. ш. — з 15 крас. да 31 жніўня. На Паўн. полюсе Сонца бывае над гарызонтам 189 сут.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,

паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНЫ ФРОНТ,

атмасферны фронт паміж умераных шырот паветрам і трапічным паветрам. Фарміруецца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна паміж 30—45° паўн. ш. і паўд. ш. зімой і 40—55° паўн. ш. і ’паўд. ш. летам. Складаецца з некалькіх асобных галін, на якіх развіваецца інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць (гл. Цыклон).

т. 12, с. 27

ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,

адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.

Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл. Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл. Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.

т. 12, с. 27

ПАЛЯРО́Н,

састаўная квазічасціца, якая рухаецца ў крышталі; адно з асн. паняццяў электроннай тэорыі праводнасці паўправаднікоў і дыэлектрыкаў з іоннай рашоткай. Складаецца з электрона праводнасці (ці дзіркі), што рухаецца разам з выкліканай ім дэфармацыяй крышт. рашоткі (фанонам). Дае магчымасць апісаць многія эл., фотаэл. і аптычныя з’явы ў рэчывах.

т. 12, с. 27