ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл. Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл. Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)