Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛУБЕ́С (сапр. Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.​Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл. гл. ў арт. Кераміка.

С.Палубес і І.​Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.

т. 12, с. 17

ПАЛУ́БІНСКІЯ (Палубенскія),

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ. Паходжанне не высветлена, уласны радавод выводзіў іх ад вял. кн. Альгерда. Прозвішча ад с. Палубнікі каля г. Ліда або ад с. Палюбічы (Палубіца) у Брэсцкім пав. Упамінаюцца з 15 ст. Найб. вядомыя:

Васіль Андрэевіч (?—4.3.1551), намеснік уладзіміра-валынскі ў 1505—07, дзяржаўца любашанскі і цяцерынскі ў 1515—16, жалудоцкі ў 1516—35, каняўскі і дубіцкі ў 1527—29, староста мсціслаўскі і радамльскі з 1535, маршалак гаспадарскі з 1521 або 1522. Іван Андрэевіч (?—1556), маршалак гаспадарскі з 1540, спраўца (адміністратар) Навагрудскага ваяв. ў 1549—51. Аляксандр Іванавіч (?—1607 або 1608), кашталян навагрудскі з 1586, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Канстанцін Аляксандравіч (?—1640), кашталян мсціслаўскі ў 1627—33, ваявода парнаўскі з 1633. Удзельнічаў у войнах са Швецыяй 1600—29 і з Расіяй 1609—18. У 1618 фундаваў Дзярэчынскі дамініканскі кляштар. Аляксандр Гіляры (6.8.1627—3.11.1679), падстолі ВКЛ у 1654, пісар польны ВКЛ у 1654—68, староста генеральны жамойцкі ў 1669—70, маршалак вялікі ВКЛ з 1669. Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1654—67. У 1662 фундаваў Глускі бернардзінскі кляштар. Дзмітрый Самуэль (?—8.8.1687), ваявода навагрудскі з 1670.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУБНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

марская авіяцыя (самалёты і верталёты), якая базіруецца на караблях, што маюць узлётна-пасадачныя (палётныя) палубы (авіяносец, верталётаносец, процілодачны крэйсер і інш.). Прызначана для знішчэння караблёў, падводных лодак, транспартаў і самалётаў, забеспячэння дзеянняў карабельных злучэнняў, марскіх дэсантаў, парушэння або абароны марскіх камунікацый, а таксама для ППА, процілодачнай абароны сваіх караблёў і інш. Выконвае таксама задачы па высадцы дэсантаў з верталётаў, падтрымцы марской пяхоты, траленні мін, пошуку і выратаванні людзей на моры і інш. Лятальныя апараты П.а. адрозніваюцца канстр. асаблівасцямі, якія забяспечваюць іх шчыльнае размяшчэнне на караблі, скарочаныя ўзлёт і пасадку.

т. 12, с. 17

ПАЛУБО́ТАК (Павел Лявонцьевіч) (каля 1660—29.12.1723),

украінскі дзярж. дзеяч. Чарнігаўскі палкоўнік у 1706—22. У Паўночную вайну 1700—21 П. і 3 інш. палкоўнікі адмовіліся перайсці разам з гетманам І.Мазепам на бок шведаў (1708) і захавалі вернасць Расіі. У 1722—23 наказны (часовы) гетман Левабярэжнай Украіны, дзе быў буйнейшым землеўласнікам. Узначаліў групоўку ўкр. старшыны, якая выступала за аднаўленне гетманства і ліквідацыю Маларасійскай калегіі. За гэта быў выкліканы ў Пецярбург, арыштаваны і пасля допытаў у Тайнай канцылярыі памёр.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУЖ,

рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 343 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Шалухоўка Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Вусце за 2 км на ПдУ ад в. Палужская Рудня Бранскай вобл. Даўж. ў межах Беларусі 30 км. Рэчышча каналізаванае ў вярхоўі на працягу 6,4 км (в. Мануйлы — в. Палуж 2-і), на астатнім працягу звілістае.

т. 12, с. 17

ПАЛУ́ЖАНКА,

адна з назваў р. Нёўда.

т. 12, с. 17

ПАЛУ́ЖЖА,

вёска ў Карэліцкім пас. Савеце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Нёўда. Цэнтр племзавода «Карэлічы». За 6 км на ПдЗ ад г.п. Карэлічы, 191 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 603 ж., 120 двароў (2000). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУЖСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Горы і Дуброўка. Створана на р. Палуж у 1986. Пл. 1,5 км², даўж. 7,9 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,8 млн. м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУЖ 1-ы,

вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Палуж, на аўтадарозе Краснаполле—Касцюковічы. Цэнтр Высакаборскага с/с і калгаса. За 10 км на У ад г.п. Краснаполле, 120 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Камунары. 273 ж., 95 двароў (2000). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.

т. 12, с. 17

ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17