ПАЛУБЕ́С (сапр. Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.​Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл. гл. ў арт. Кераміка.

С.Палубес і І.​Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)