САМАТУ́ЖНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
дробная хатняя таварная вытворчасць прамысл. прадукцыі, заснаваная на невысокай тэхн. аснове. Гл. ў арт. Рамяство.
т. 14, с. 136
САМАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
частка нервовай сістэмы, якая мае адчувальныя і рухальныя валокны, што інервуюць апорна-рухальны апарат і скуру. Падзел нерв. сістэмы на саматычную і вісцэральную (унутр. органаў), уведзены англ. фізіёлагам У.Х.Гаскелам, умоўны. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.
т. 14, с. 136
САМАТЫ́ЧНЫЯ МУТА́ЦЫІ,
змены генет. матэрыялу ў клетках цела. Абумоўліваюць мазаіцызм. Праяўляюцца ў арганізме і перадаюцца пры вегетатыўным размнажэнні (не перадаюцца патомкам пры палавым размнажэнні).
Напр., розны колер вачэй, радзімыя плямы, пухліны ў чалавека, жывёл і раслін.
т. 14, с. 136
САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,
б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.С.Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
т. 14, с. 137
САМАЎЗГАРА́ННЕ,
узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл. Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.
т. 14, с. 137
САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,
працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіць да павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.
т. 14, с. 137
САМАЎПРА́ЎСТВА,
злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 137
САМАФІНАНСАВА́ННЕ,
сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 137
САМАХВА́ЛАВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў 1924—31 у Мінскай акрузе. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — в. Самахвалавічы. Складаўся з 15 сельсаветаў. 18.1.1931 раён скасаваны, 9 сельсаветаў уключаны ў гар. мяжу Мінска, астатнія перададзены Койданаўскаму, Пухавіцкаму, Смілавіцкаму і Уздзенскаму р-нам.
т. 14, с. 137
САМАХВА́ЛАВІЧЫ,
пасёлак у Мінскім раёне, каля р. Пціч, на шашы Мінск—Слуцк і аўтадарозе, якая злучае пасёлак з г.п. Негарэлае. За 20 км на Пд ад Мінска. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Русінавічы». 2513 ж., 939 двароў (2001).
Вядомы з 1582 як сяло, цэнтр маёнтка, у 1791 побач існавала і вёска С. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Мінскага пав., цэнтр воласці. У 1815—203 ж., 22 двары, уніяцкая царква, школа, 2 млыны, сукнавальня, з 1863 Святадухаўская царква. У 1897—527 ж., 79 двароў, нар. вучылішча, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 4. кузні, 15 крам, карчма; у вёсцы 184 ж., 33 двары. У 1924—31 цэнтр Самахвалавіцкага раёна, з 1924 цэнтр сельсавета Мінскага р-на. З 1938 пасёлак.
З 1957 у С. Бел. н.-д. ін-ты агародніцтва, бульбаводства і пладаводства. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Сашэсця Св. Духа. Брацкія магілы супрацоўнікаў рэўкома, сав. воінаў і мірных жыхароў. Помнік У.С.Амельянюку.
т. 14, с. 137