САМАЎЗГАРА́ННЕ,
узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл. Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)