САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,

працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіць да павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)