САМАХВА́ЛАВІЧЫ,

пасёлак у Мінскім раёне, каля р. Пціч, на шашы Мінск—Слуцк і аўтадарозе, якая злучае пасёлак з г.п. Негарэлае. За 20 км на Пд ад Мінска. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Русінавічы». 2513 ж., 939 двароў (2001).

Вядомы з 1582 як сяло, цэнтр маёнтка, у 1791 побач існавала і вёска С. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Мінскага пав., цэнтр воласці. У 1815—203 ж., 22 двары, уніяцкая царква, школа, 2 млыны, сукнавальня, з 1863 Святадухаўская царква. У 1897—527 ж., 79 двароў, нар. вучылішча, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 4. кузні, 15 крам, карчма; у вёсцы 184 ж., 33 двары. У 1924—31 цэнтр Самахвалавіцкага раёна, з 1924 цэнтр сельсавета Мінскага р-на. З 1938 пасёлак.

З 1957 у С. Бел. н.-д. ін-ты агародніцтва, бульбаводства і пладаводства. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Сашэсця Св. Духа. Брацкія магілы супрацоўнікаў рэўкома, сав. воінаў і мірных жыхароў. Помнік У.​С.​Амельянюку.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)