Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).

т. 4, с. 187

ВІНТАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,

зубчастая перадача вінтавымі коламі, восі якіх перакрыжоўваюцца пад рознымі вугламі. Дае магчымасць перадаваць вярчэнне ад аднаго вала некалькім іншым. У сувязі з кропкавым кантактам зубоў і значным слізганнем у зачэпцы вінтавая перадача хутка зношваецца і можа зашчамляцца, таму выкарыстоўваецца пераважна ў прыладах.

т. 4, с. 187

ВІНТАВО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

раздымнае нерухомае злучэнне дэталей з дапамогай вінтоў. У адрозненне ад балтавога злучэння вінтавое злучэнне не патрабуе гаек, бо разьба робіцца ў самой дэталі.

т. 4, с. 187

ВІНТАВЫ́ РУХ цвёрдага цела, механічны рух, які складаецца з прамалінейнага паступальнага руху з пастаяннай скорасцю і вярчальнага руху з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол восі, паралельнай напрамку паступальнай скорасці. Адрозніваюць прававінтавы (вектары вуглавой скорасці вярчэння і паступальнай скорасці накіраваны ў адзін бок) і левавінтавы рух (гэтыя вектары накіраваны ў розныя бакі). Любы складаны рух цвёрдага цела можна выявіць як серыю элементарных (імгненных) вінтавых рухаў, пры гэтым вось вінтавога руха наз. імгненнай вінтавой воссю, якая бесперапынна змяняе свой напрамак у прасторы і ў рухомым целе.

т. 4, с. 187

ВІНТАВЫ́ СПУСК,

прыстасаванне для спуску сыпкіх і кускавых грузаў пад дзеяннем уласнай вагі; сродак гравітацыйнага транспартавання. Вышыня да 100 м і болей, прадукцыйнасць да 500 т/гадз пры дыяметры трубы 1,2—1,5 м. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, прамысл. прадпрыемствах, у горнай прам-сці.

т. 4, с. 187

ВІНТАКРЫ́Л,

лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.

т. 4, с. 188

ВІНТАРО́ГІ КАЗЁЛ,

гл. Мархур.

т. 4, с. 188

ВІНТО́ЎКА,

індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.

Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.

т. 4, с. 188

ВІ́НТЭР Аляксандр Васілевіч

(10.10.1878, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 9.3.1958),

савецкі вучоны ў галіне энергетыкі. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярбургскі політэхн. ін-т (1912). Кіраваў буд-вам першай у Расіі электрастанцыі на торфе («Электраперадача», цяпер ДРЭС імя Р.Э.Класона), Шатурскай ДРЭС, Дняпроўскай ГЭС і інш. З 1944 нам. дырэктара Энергет. ін-та АН СССР. Даследаваў энергет. рэсурсы краіны, пытанні рацыяналізацыі энергасістэм, эксплуатацыі магутных электрастанцый і інш.

Літ.:

А.В.Винтер. М.; Л., 1950;

Маркин А.Б. А.В.Винтер // Люди русской науки. М., 1965.

т. 4, с. 188

ВІ́НТЭРТУР

(Winterthur),

горад на Пн Швейцарыі. У кантоне Цюрых, у даліне р. Цёс (бас. Рэйна). 87,6 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (у т. л. лакаматывабудаванне), тэкст., харч., дрэваапр., паліграф. прам-сць.

т. 4, с. 188