ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
т. 4, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)