БЛЕ́НДА
(ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся бленадмі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на),
барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).
т. 3, с. 190
БЛЕ́НДА ў оптыцы, прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.
т. 3, с. 190
БЛЕРЫО́
(Blériot) Луі (1.7.1872, г. Камбрэ, Францыя — 1.8.1936),
французскі авіяканструктар і пілот, адзін з заснавальнікаў авіяцыі. З 1900 будаваў арнітаптэры (апараты з рухомымі крыламі) і планёры, з 1906 — самалёты. Здзейсніў палёт на самалёце (1908), упершыню пераляцеў праліў Ла-Манш (1909). Самалёты сістэмы Блерыо выкарыстоўваліся пераважна ў 1910—20-я г. ў франц. Авіяцыі.
т. 3, с. 190
БЛЕФ
(англ. bluff),
выдумка, падман з мэтай выхвалення або запалохвання (ад назвы прыёму картачнай гульні ў покер).
т. 3, с. 190
БЛЕФАРЫ́Т
(ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 3, с. 190
БЛЕ́ШЧЫК Мікалай Паўлавіч
(н. 23.12.1930, г.п. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі буд-ва. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Ленінградскі завочны індустрыяльны ін-т (1957). З 1957 у Ін-це буд-ва і архітэктуры Дзяржбуда БССР, з 1988 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па рэалогіі, тэхнал. механіцы бетону, рэсурсазберагальных канструкцыйна-тэхнал. сістэмах збудаванняў, тэхналогіі аб’ёмна-блочнага домабудавання і ўзвядзення маналітных жалезабетонных канструкцый.
Тв.:
Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з С.С.Атаевым);
Структурно-механические свойства и реология бетонной смеси и пресс-вакуум бетона. Мн., 1977.
т. 3, с. 190
БЛЁКАТ
(Hyoscyamus),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (Н. niger).
Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.
т. 3, с. 190
БЛІАДУ́ХО Мікалай Фёдаравіч
(10.12.1878, г. Чэрвень — 13.1.1935),
бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1903). З 1922 нач. Горнага аддзела Упраўлення СНГ Беларусі, заг. кафедры геалогіі БДУ. З 1926 узначальваў Камісію па вывучэнні ппрадукц. сіл рэспублікі, з 1929 старшыня Прадстаўніцтва Геал. к-та на Беларусі. З 1929 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі Бел. АН. Навук. працы па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адклады і фасфарыты на р. Сож. Абгрунтаваў пастаноўку геафіз. даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Упершыню склаў геал. карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.
Тв.:
Сборник трудов по геологии и полезным ископасмым БССР. М., 1952.
т. 3, с. 190
БЛІ́ДА,
горад на Пн Алжыра. Адм. ц. вілаета Бліда. Засн. ў 16 ст. 131,6 тыс. ж. (1987). Гандл.-трансп. вузел. Харчасмакавая (мукамольная, алейная, вінаробчая), металаапр., хім., тэкст. прам-сць. Рамёствы (выраб дываноў). Вытв-сць цыгарэт і запалак. Ун-т.
т. 3, с. 191
БЛІЁХ Іван Станіслававіч
(24.7.1836—25.12.1901),
вучоны-эканаміст, статыстык, фінансіст. Сын польскага фабрыканта. Варшаўскі банкір, заснавальнік і старшыня праўлення акц. т-ваў Кіева-Брэсцкай, Лібаўскай, Лодзінскай чыгунак. Працамі «Рускія чыгункі...» (1875) і «Уплыў рускіх чыгунак на эканамічны стан Расіі» (т. 1—5, 1878) паклаў пачатак развіццю чыг. статыстыкі. Аўтар прац па эканам. гісторыі, эканоміцы прам-сці і сельскай гаспадаркі Расіі: «Фабрычная прамысловасць Царства Польскага 1871—1880» (Варшава, 1881—84); «Фінансы Расіі XIX стагоддзя» (т. 1—4, СПб., 1882); «Меліярацыйны крэдыт і стан сельскай гаспадаркі ў Расіі і замежных краінах» (СПб., 1890), «Зямля і яе запазычанасць у Царстве Польскім» (Варшава, 1892), «Эканоміка-статыстычныя працы 1875—1900 гг.» (Парыж, 1900); «Параўнанне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту губерняў заходніх, вялікарасійскіх і ўсходніх» (т. 1—5, з атласам, СПб., 1901). У яго працах шмат звестак пра Беларусь.
т. 3, с. 191