Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.

У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.

На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мясавоўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн. эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.

Г.П.Астапенка, Я.М.Сапільнікаў.

т. 1, с. 62

АВЕ́ЧКІН Валянцін Уладзіміравіч

(22.6.1904, г. Таганрог — 27.1.1968),

рус. пісьменнік. Асн. тэма творчасці — жыццё вёскі. Аўтар аповесці «З франтавым прывітаннем» (1945), нарысаў «Раённыя будні» (цыкл, 1952—56), «На пярэднім краі» (1953); п’ес «Бабіна лета» (1947), «Насця Коласава» (1949), «Насустрач ветру» (1958).

Літ.:

Воспоминания о В.Овечкине. М., 1982.

т. 1, с. 62

АВЁС

(Avena),

род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст. н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).

Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс. га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.

Літ.:

Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.

т. 1, с. 62

АВЁС ПУСТЫ́,

тое, што аўсюк.

т. 1, с. 63

АВІ́ДЗІЙ

(Ovidius),

Публій Авідзій Назон (20.3.43 да н.э., г. Сульмона, недалёка ад Рыма — каля 18 н.э.), рымскі паэт. Раннія творы: зб-кі «Любоўныя элегіі», «Гераіні», жартоўна-парадыйныя паэмы «Майстэрства кахання», «Сродкі ад кахання». У паэме «Фасты» (незавершаная) тлумачыў паходжанне рымскіх святаў і абрадаў. Найб. вядомы твор «Метамарфозы» — маст. апрацоўка грэка-рымскіх міфаў пра пераўвасабленні людзей і багоў у жывёл, сузор’і і інш. — складаецца з асобных вершаваных навел. У 8 н.э. сасланы Аўгустам у г. Томы (цяпер Канстанца ў Румыніі), дзе напісаў поўныя тугі па радзіме «Сумныя элегіі» і «Пісьмы з Понта». Творчасць Авідзія значна паўплывала на развіццё зах.-еўрап. л-ры. Дзве навелы з «Метамарфозаў» на бел. мову пераклаў М.Багдановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Элегии и малые поэмы. М., 1973;

Любовные элегии. Метаморфозы. Скорбные элегии. М., 1983.

т. 1, с. 63

АВІ́ДНАСЦЬ

(ад лац. avidus прагны),

уласцівасць антыгенаў і антыцел, якая вызначае энергію звязвання камплементарных участкаў іх малекул; асн. характарыстыка імунных сываратак. Праяўляецца ў трываласці створаных комплексаў антыгенаў-антыцел. Авіднасць імуннай сывараткі залежыць ад спецыфічнасці антыцел, якія ёсць у ёй. Гл. таксама Камплементарнасць.

т. 1, с. 63

АВІЕ́ТКА

(франц. aviette),

самалёт малой магутнасці, звычайна 1—2-месны.

т. 1, с. 63

АВІ́ЖУС

(Avyzius) Йонас (н. 16.5.1922, в. Медгінай, Літва),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Аўтар кн. нарысаў «Першыя барозны» (1948), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Спадчына» (1949), «Людзі і падзеі» (1954), «Буткус Мсцівец» (1957), «Чалавек застаецца чалавекам» (1960), раманаў «Шкляная гара» (1961), «Вёска на раздарожжы» (1964), «Страчаны прытулак» (1970, Ленінская прэмія 1976), «Колеры хамелеона» (1976), «Дзягімай» (1981). Асн. тэмы — жыццё літ. вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.

т. 1, с. 63

АВІ́ЗА

(італьян. avviso),

паведамленне (пісьмо) атрымальніку аб адгрузцы яму прадукцыі, пераводзе грашовых сродкаў ці аб зменах ва ўзаемных разліках паміж контрагентамі. У банкаўскай, камерцыйнай, бухгалтарскай практыцы авіза — афіцыйнае паведамленне аднаго контрагента другому аб выкананні разліковых аперацый. Банкі высылаюць авізу сваім карэспандэнтам і кліентам пра дэбетавыя і крэдытавыя запісы, рэшту сродкаў на рахунках і інш. разліковыя аперацыі.

т. 1, с. 63

АВІ́ЗМ

(ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.Мальпігі і А.Валіснеры, швейцарскія Ш.Банэ і А.Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63