Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ РА́ТУШНЫ ТЭА́ТР,

назва гар. т-ра, які дзейнічаў у 1847—51 у памяшканні Мінскай ратушы. У ім выступалі пастаянныя гар. антрэпрызы Я.Хелмікоўскага, В.Вяржбіцкага, В.Драздоўскага, ставілі драм. і муз. спектаклі на рус., польск. і ўкр. мовах. Фае, зала і ложы т-ра былі размаляваны гар. дэкаратарам Я.Кураткевічам. Былі пастаўлены п’есы І.Катлярэўскага («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік»), Р.Квіткі-Аснаўяненкі («Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы»), П.Грыгор’ева («Дачка рускага акцёра»), П.Каратыгіна («Школьны настаўнік»), М.Някрасава («Шыла ў мяшку не ўтоіш...»), М.Гогаля («Рэвізор», упершыню на Беларусі), М.Загоскіна («Высакародны тэатр»), Дз.Ленскага («Леў Гурыч Сінічкін»), У.Шэкспіра і інш.

т. 10, с. 450

МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер.пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.Я.Сяменчык.

т. 10, с. 450

МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр. с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРП к-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах. абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.Я.Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.Я.Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр. камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр. камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв. с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.

т. 10, с. 450

МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ КАФЕДРА́ЛЬНЫ САБО́Р,

гл. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак.

т. 10, с. 450

МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,

помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).

У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.

Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.

т. 10, с. 450

МІ́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ.

Засн. 8.8.1908 у Мінску як чыгуналіцейны з-д «Гігант». З 1912 з-д «Энергія» (працавалі 63 чал.). У 1921 вырабляў дробныя хатнія рэчы, у 1923 пабудаваны мех. цэх. У 1927 выраблены першыя такарныя і пачалося асваенне вертыкальна-свідравальных станкоў. У Вял. Айч. вайну на з-дзе дзейнічалі групы Мінскага патрыятычнага падполля. У 1948—57 на з-дзе асвоена 28 мадэлей цяжкіх універсальных падоўжна-апрацоўчых і 10 мадэлей спец. станкоў. У 1975 наладжаны выпуск шматаперацыйных фрэзерна-расточных станкоў з лічбавым кіраваннем. З 1996 Дзярж. прадпрыемства МЗОР. Асн. прадукцыя (1999): падоўжна-стругальныя, канта-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя станкі, «апрацоўчыя цэнтры», дрэваапрацоўчыя і інш. Пастаўляе прадукцыю больш чым у 40 краін свету.

т. 10, с. 451

МІ́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА.

Засн. ў 1883 на базе кузні як маш.-буд. і чыгуна-медна-металургічны з-д (Кашарскі маш.-буд. і чыгуна-медна-металургічны з-д). Выпускаў абсталяванне для млыноў, бровараў, крухмальна-патачных прадпрыемстваў і чыгунак. З 1925 чыгуналіцейны і маш.-буд. з-д «Металіст». У 1928 да яго далучаны з-д «Усход» і с.-г. майстэрні і створаны маш.-буд. з-д «Камунар». З 1934 станкабудаўнічы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. З 1947 выпускае базавыя мадэлі працяжных і адразных станкоў. З 1973 дзейнічае філіял з-да ў г.п. Халопенічы. З 1978 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання па выпуску працяжных і адразных станкоў. З 1996 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): металарэзныя станкі працяжныя, адразныя, спецыяльныя і дрэваапр. абсталяванне.

Адразны круглапільны аўтамат Мінскага станкабудаўнічага завода імя С.М.Кірава.

т. 10, с. 451

МІ́НСКІ ТОНКАСУКО́ННЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1947 (1-я чарга) у Мінску; у 1959 пушчана 2-я чарга. Складаўся з 3 цэхаў: прадзільнага, ткацкага і аддзелачнага. У 1959—65 тэхналагічна пераабсталяваны. У 1975—78 пабудаваны і ўведзены ў дзеянне ткацка-аддзелачны, быт. і адм. карпусы на новай вытв. пляцоўцы. На старой пляцоўцы праведзена поўная рэканструкцыя і створана прадзільная ф-ка. У 1981 М.т.к. перайменаваны ў Мінскае вытв. тонкасуконнае аб’яднанне. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сукно». Асн. прадукцыя (1999): мэблевыя, аблегчаныя касцюмныя, жакардавыя і шарсцяныя палітовыя тканіны, жакардавыя і шарсцяныя коўдры.

т. 10, с. 451

МІ́НСКІ ТРА́КТАРНЫ ЗАВО́Д (МТЗ) імя У.І.Леніна. Засн. ў 1946—48 у Мінску. З 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Мінскі трактарны завод»; мае 4 з-ды-філіялы: Віцебскі завод трактарных запасных частак, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мінскі спец. інструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны. З 1948 вырабляў пускавыя рухавікі, з 1950 — гусенічныя с.-г. і тралёвачныя трактары, з 1953 — колавыя с.-г. трактары «Беларусь» на пнеўматычных шынах, з 1961 — трактар МТЗ-50 магутнасцю (40 кВт) з 1974 — МТЗ-80 (55—59 кВт), у 1984 — МТЗ-100 і МТЗ-102 (74 кВт), пазней — «Беларусь-1025», у 1993—94 — мадэрнізаваныя трактары серыі 900 (60—66 кВт), з 1995 — «Беларусь-1221» (96 кВт). У 1981 пачаў выпуск сям’і міні-тэхнікі: мотаблокі (4—6 кВт), міні-трактары (9—12 кВт), малагабарытныя трактары (12—26 кВт). У 1995 выпусціў 3-мільённы трактар і 500-тысячны экспартны трактар «Беларусь». Асн. прадукцыя (1999): 44 мадэлі розных відаў новай тэхнікі. ВА «МТЗ» — адна з найбуйнейшых у свеце кампаній па выпуску і экспарце колавых трактароў, на яе долю прыпадае 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе. Мае больш як у 60 краінах свету 13 уласных і змешаных акц. т-ваў, 30 фірм-агентаў за мяжой і 140 дылерскіх цэнтраў у СНД. ВА «МТЗ» узнагароджана міжнар. прызам «Залаты Меркурый». На міжнар. выстаўках і кірмашах трактары «Беларусь» атрымалі 27 медалёў, у т.л. 24 залатыя.

Узоры прадукцыі Мінскага трактарнага завода. 1 — трактар «Беларусь-1522»; 2 — трактар «Беларусь-680»; 3 — трактар «Беларусь-1221»; 4 — трактар «Беларусь-220»; 5 — мотаблок «Беларусь-08БС»; 6 — трактар «Беларусь-082БС».

т. 10, с. 451

МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ ЗАЛАТАГО́РСКІ КАСЦЁЛ, касцёл святога Роха,

помнік архітэктуры неаготыкі ў Мінску. Пабудаваны ў 1861—64 з цэглы на б. каталіцкіх могілках Залатая горка. Аднанефавы аднавежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, мае сім. аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай пад 4-схільным шатром. Па баках франтона — дэкар. вежачкі. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі 3-ступеньчатымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход у выглядзе высокага спічастага партала. Пасля рэстаўрацыі (1983) будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Бел. дзярж. філармоніі. Пры ўваходзе ў залу — керамічная скульптура «Музыка», у нішах б. крыпты — дэкар. скульптуры нар. персанажаў (маст. М.Байрачны, В.Прыешкін), у нішах каля аргана — драўляныя скульптуры (скульпт. Л.Давідзенка). Аконныя праёмы аздоблены арнаментальным вітражом.

А.Ю.Пятросава.

Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл.

т. 10, с. 451