Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІШНЕ́ЎСКІ Б.,

бел. мастак канца 19 — пач. 20 ст. У 1909 удзельнічаў у размалёўцы Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў. Выканаў фрэскі на сюжэты «Пакланенне вешчуноў» на паўн. і «Зняцце з крыжа» на паўд. сценах прэсбітэрыя. Размалёўкі вызначаюцца свабоднай трактоўкай кампазіцыі, выкарыстаннем элементаў нар. адзення.

т. 4, с. 239

ВІ́ШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,

помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 у в. Вішнева (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перабудаваны ў 1771 у стылі ракако (да нефа прыбудаваны 2 прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 (дабудаваны 2-вежавы гал. фасад). Мураваны 1-нефавы храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным дахам з франтонам на гал. фасадзе. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц), скляпенні — геам. ляпным арнаментам 17 ст. Захаваліся каваныя дзверы 17 ст., разныя алтары 18 ст.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 240

ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс. т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.

т. 4, с. 240

Вішнеўскі Міхаіл Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 364

ВІШНЁЎКА,

рака, гл. Альшанка.

т. 4, с. 240

ВІШНЁЎКА,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 18 км на Пд ад г. Бабруйск, 128 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Чырвоны Брод, на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. 448 ж., 163 двары (1996). Бабруйская птушкафабрыка. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 240

ВІ́ШНУ,

у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 240

ВІШНУІ́ЗМ,

адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізма «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізма ўзмацнілася на пач. н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 240

ВІ́ШНЯ

(Cerasus),

род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.

Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны С, групы В. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.

т. 4, с. 240

ВІ́ШНЯ,

Плюскаўка, рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Левая Лясная (бас. Зах. Буга). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 160 км². Пачынаецца за 4 км на ПнУ ад в. Падбельскія Агароднікі Пружанскага р-на. Ад вусця 1,4 км рэчышча каналізавана.

т. 4, с. 241