ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізма «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізма ўзмацнілася на пач. н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
А.В.Гурко.
т. 4, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)