Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІРО́НЧЫК (Уладзімір Юстынавіч) (29.3.1915, в. Ячава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1990),

бел. медык-хірург. Засл. ўрач Беларусі (1956). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1939). У 1950—84 гал. ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Гродна, адначасова ў 1959—84 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук працы па хірург. лячэнні хвароб сасудаў і органаў брушной поласці.

т. 10, с. 468

МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.​М.​Рускіх, Я.​І.​Крамко), Лядкі (А.​Ф.​Бянецкі), Пагарэлка (І.​М.​Мацко), Сіняўская Слабада (К.​У.​Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв. Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм. партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 468

МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.​Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.

А.​М.​Кулагін.

Мірская капліца.

т. 10, с. 468

МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст. мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб. пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.
Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 10, с. 468

МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл. Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сць быт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.

Я.​М.​Сахута.

Мірская кераміка.

т. 10, с. 469

МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г. адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.

В.​М.​Чарнатаў.

Мірская Троіцкая царква.

т. 10, с. 469

МІ́РСКІ (Міхаіл Шлёмавіч) (н. 11.5.1911, Мінск — 9.11.1989),

бел. трэнер па грэка-рымскай барацьбе. Засл. майстар спорту СССР (1948). Засл. трэнер СССР (1957). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1955). У 1967—74 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Сярод выхаванцаў А.Караваеў, чэмпіёны СССР С.​Залускі, І.​Коршунаў, У.​Сусіч, М.​Чучалаў. Пад яго кіраўніцтвам каманда Беларусі стала чэмпіёнам СССР (1960).

т. 10, с. 469

МІ́РСКІЯ, Святаполк-Мірскія,

шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас. імперыі. Вядомы з 16 ст., з 18 ст. выводзілі сябе ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль 1-я частка прозвішча). Лічылі сябе стараж. ўладальнікамі Міра. Княжацкі тытул зацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1861. Найб. вядомыя:

Рыгор (?—20.3.1661), ваенны дзеяч, стражнік ВКЛ з 1635. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў, у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ, якое змагалася супраць укр. казакоў на Пд і У Беларусі ў 1648—51. 9.10.1648 заняў Пінск, удзельнічаў ва ўзяцці Бабруйска (гл. Бабруйска абарона 1649), у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Я.​Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскі дагавор 1655. Багуслаў (? — пасля 1800), браслаўскі войскі з 1775, падкаморы з 1777. Пасол на сеймы 1776—86, Чатырохгадовы сейм 1788—92, належаў да рэфарматараў. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскі пав.; чл. Найвышэйшай літоўскай рады і Найвышэйшай нацыянальнай рады. Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага р-на — 1805), пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на сеймы 1784, 1788. Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.​Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794; чл. Найвышэйшай літ. рады, Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Дзмітрый Іванавіч [1824—30.1(11.2).1899], ген.-ад’ютант, ген. ад інфантэрыі, чл. Дзярж. савета (1880). Мікалай Іванавіч [5(17).7.1833, С.-Пецярбурт — 15(27).7.1898], ген.-ад’ютант, ген. ад кавалерыі, чл. Дзярж. савета (1898). З 1881 наказны атаман Войска Данскога. У 1891 набыў Мірскі замак з навакольнымі маёнткамі, дзе збіраўся ўладкаваць радавое гняздо. Пабудаваў у Міры вінакурны з-д, палац, заклаў парк. Пётр Дзмітрыевіч (1857—1914), міністр унутр. спраў Расіі, гл. Святаполк-Мірскі П.Д.

т. 10, с. 470

МІ́РСКІ БОЙ 1812.

Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.​Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.​Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.​В.​Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.​Е.​Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.​Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 469

МІ́РСКІ БОЙ 1944,

бой партыз. брыгады імя Жукава і «Камсамолец» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Мір 22 сак. ў Вял. Айч. вайну. План ліквідацыі гарнізона, які налічваў 150 гітлераўцаў, распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава. Кіраваў боем У.З.Царук. Выведаўшы пароль аховы гарнізона, партызаны ў ноч на 22 сак. праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы гарнізона. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлегр.-тэлеф. сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 469