Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУРГА́Н Ілья Львовіч

(н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.

В.С.Іваноўскі.

т. 9, с. 46

КУРГА́ННЕ,

2 курганныя могільнікі 11—12 ст. паміж в. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р. Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.

У.У.Багамольнікаў.

т. 9, с. 46

КУРГА́ННЕ,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на У ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 89 км ад Гомеля. 630 ж., 241 двор (1998). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік радзімічаў.

т. 9, с. 47

КУРГА́ННЕ,

вёска ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Смалявічы—Чэрвень. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 59 км ад Мінска. 376 ж., 140 двароў (1998). Бібліятэка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 47

КУРГА́ННЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУРА,

група культур сярэднебронзавага веку на большай частцы Цэнтр. Еўропы (1500—1200 да н.э.). Вылучаецца на падставе пахавальнага абраду (інгумацыя, радзей крэмацыя ў каменнай скрыні з тонкіх пліт пад круглым насыпам) і шэрагу тыпаў бронзавых рэчаў, агульных для большасці мясц. субкультур (пальштабы, сякеры, мячы суцэльнаметалічныя ці з дзяржаннем з закраіна́мі, наканечнікі дзідаў, сярпы, упрыгожанні — доўгія шпількі разнастайных форм, дыскі з увагнутасцю, бранзалеты і падвескі, бурштынавыя пласціны). Цэнтрам К.п.к. былі сучасныя Баварыя, Вюртэмберг, Чэхія і Маравія; паступова яна пашыралася на тэр. Германіі на Пн і 3 (да Эльзаса). Яе элементы сустракаюцца на тэр. Венгрыі, Румыніі і Югаславіі. У канцы сярэднебронзавага веку саступіла месца культуры палёў пахавальных урнаў.

т. 9, с. 47

КУРГА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У Рас Федэрацыі, на ПдЗ Зах. Сібіры. Утворана 6.2.1943. Пл. 71 тыс. км2. Нас. 1106 тыс. чал. (1997), гарадскога 55%. Цэнтр — г. Курган. Найб. гарады: Шадрынск, Шуміха, Куртамыш, Далматава, Катайск.

Прырода. К.в. займае паўд.-зах. ч. Зах.-Сібірскай раўніны (выш. да 193 м). Паверхня плоская, на водападзелах пясчана-гліністыя грывы і шматлікія западзіны, занятыя азёрамі ці забалочаныя. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, рапа і лек. гразі салёных азёр. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -18 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 400 мм за год. Вясной і летам бываюць чорныя буры. Гал. рэкі — Табол і яго прыток Ісець. Каля 2 тыс. азёр. Глебы пераважна вышчалачаныя чарназёмы. Расліннасць лесастэпавая. Пад лесам каля 18% тэрыторыі (бярозавыя гаі, хваёвыя бары). На крайнім Пд — стэпы. Жывёльны свет: лось, казуля, воўк, ліс, барсук, зайцы (бяляк і русак), вавёрка.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (50% валавой прадукцыі). Вытв-сць аўтобусаў, колавых цягачоў, дрэваапр. станкоў, пральных машын, элеватарнага і хім. абсталявання, аўтаагрэгатаў, паліграф. машын, тэлефонаў, чыг. абсталявання, даільных установак, помпаў, абсталявання для мяса-малочнай прам-сці. Рамонтныя, рамонтна-мех. і ліцейна-мех. з-ды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—1255 млн. кВт гадз. Курганская ЦЭЦ. З галін харч. прам-сці найб. развіты мясная, мукамольная, малочная. Мясакансервавыя і птушкакамбінаты. Буйныя элеватары, малочныя, мяса- і сыраробныя з-ды. Прадпрыемствы камбікормавай прам-сці. З-ды па вытв-сці цэглы, жалезабетонных вырабаў і канструкцый. Развіта лёгкая прам-сць (трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная). Дрэваапр. і мэблевая прам-сць. Завод мед. прэпаратаў. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 4473 тыс. га, у т.л. пасяўная пл. 2095 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя культуры (яравая пшаніца, ячмень, авёс), кармавыя, тэхн., бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 748 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,1 тыс. км. Па тэр. вобласці праходзіць Транссібірская магістраль. Суднаходства па р. Табол. Курорт Мядзведжае.

Л.В.Лоўчая.

т. 9, с. 47

КУРГА́НСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў «Штурм», «Грозны», «За бацькаўшчыну», «Вясна», брыгады «Штурмавая» супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Курганы Заслаўскага р-на Мінскай вобл. 31 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Калі партыз. разведка выявіла прасоўванне ў партыз. зону батальёна карнікаў (каля 300 гітлераўцаў), партызаны вырашылі разграміць яго. Яны сустрэлі карнікаў на р. Удра ў в. Курганы і пасля 5-гадзіннага бою прымусілі ворага адступіць. На шляху адступлення ў пас. Шаршуны гітлераўцы трапілі ў партыз. засаду і былі разгромлены. Партызаны захапілі гармату, 3 мінамёты, 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 15 вінтовак і вял. колькасць боепрыпасаў.

М.Ф.Шумейка.

т. 9, с. 47

КУРГАНЫ́ СЛА́ВЫ,

земляныя насыпы з мемарыяльнымі ці скульптурнымі збудаваннямі, якія ўвекавечваюць подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну, памяць землякоў, што загінулі ў барацьбе з ворагам, інш. знамянальныя падзеі. Наз. таксама курганамі Бессмяротнасці, Вечнай славы, Памяці, Працоўнай славы і інш. На Беларусі 102 К.С. (1995). Найб. значныя з іх на ўшанаванне памяці тых, што загінулі ў Вял. Айч. вайну: Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, К.С. ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. (1966), в. Мінічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., гарадах Мазыр і Рагачоў Гомельскай вобл., г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., г. Чэрвень Мінскай вобл. (усе 1967), г. Крычаў і в. Сычкава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. (1968), ва ўрочышчы Мелавая Гара каля г. Маларыта Брэсцкай вобл. (1969), в. Капацэвічы Салігорскага р-на (1975) і пас. Дзесяціны Слуцкага р-на (1977) Мінскай вобл.; курганы Бессмяротнасці ў в. Опса Браслаўскага р-на (1963) і г. Полацк (1966) Віцебскай вобл., гарадах Орша Віцебскай вобл. і Ліда Гродзенскай вобл. (1966); курганы Памяці ў г.п. Брагін Гомельскай вобл. (1957), г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., в. Ягелаўшчына Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (абодва 1967), г. Гомель (1968), г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. (1971), таксама ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. (1931, у гонар А.Міцкевіча); Курган Працоўнай славы ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1968) і інш.

Да арт. Курганы Славы. Курган Бессмяротнасці ў Полацку.
Да арт. Курганы Славы. Курган Памяці ў Гомелі.

т. 9, с. 47

КУРГА́Н СЛА́ВЫ САВЕ́ЦКАЙ А́РМІІ — ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЬНІЦЫ БЕЛАРУ́СІ,

помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, З-га Бел. і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944. Знаходзіцца на 21-м км шашы Мінск—Масква. Закладзены 30.9.1966, адкрыты 5.7.1969. Аўтары: скульпт. А.Бембель, арх. А.Стаховіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1970), скульпт. А.Арцімовіч, арх. Л.Міцкевіч, інж. В.Лапцэвіч. Выш. кургана 35 м, на яго вяршыні 4 штыкі-абеліскі (выш. кожнага 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У іх ніжняй ч. мазаічныя выявы ордэнаў Айч. вайны і Славы. Аснову штыкоў абкружае шырокае кальцо, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кальца абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў воінаў усіх родаў войск і партызан. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні кургана вядуць 2 лесвіцы. Каля падножжа і на схіле гранітныя пліты з інфарм. тэкстам. Вакол помніка мемар. парк са штучным басейнам. Філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны.

А.Г.Ванькевіч.

Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.

т. 9, с. 46

КУРГА́ПКІНА Нінель

(Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).

т. 9, с. 48