КУРГА́ПКІНА Нінель
(Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)