КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.​Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.​Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Незабыўныя дні» М.​Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.​Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.​Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.​Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.​Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.​Труса, вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі і інш.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)