Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІДЫКО́Н,

пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны; перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зарадаў. Працуе на аснове ўнутр. фотаэфекту. Мае паўпразрыстую мішэнь з паўправадніковых матэрыялаў, на якую праектуецца аптычны відарыс, што пераўтвараецца відыконам у відэасігнал (для патрэб каляровага тэлебачання створаны разнавіднасці відыкона: кадміконы, плюмбіконы і інш.). Характарызуецца высокай адчувальнасцю і малымі ўласнымі шумамі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных камерах, відэатэлефонах, рэнтгенатэлевізійных сістэмах і інш.

т. 4, с. 143

ВІДЭА...

(ад лац. video бачу, гляджу),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.

т. 4, с. 143

ВІДЭАЗА́ПІС,

гл. Запіс тэлевізійных сігналаў.

т. 4, с. 143

ВІДЭАКА́МЕРА,

камкордэр, малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.М.Мартыненка.

т. 4, с. 143

ВІДЭАМАГНІТАФО́Н,

апарат для запісу на магн. стужку і далейшага ўзнаўлення аналагавых і лічбавых відэафанаграм. Адрозніваюць відэамагнітафоны бытавыя, прафесійныя і спец. прызначэння; стацыянарныя і пераносныя; з узнаўленнем каляровага і чорна-белага відарысаў. Прынцып дзеяння такі ж, як у звычайнага магнітафона: сігналы відарыса і гукавога суправаджэння ад тэлевізійнага прыёмніка або інш. крыніцы запісваюцца на магн. стужку. Пры ўзнаўленні гэтыя сігналы накіроўваюцца ў тэлевізійны прыёмнік. Відэамагнітафон выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, навук. даследаваннях, медыцыне і інш.

Шырокая паласа прапускання відэмагнітафона (да 7—8 МГц у стандартным тэлебачанні; да 30 МГц у тэлебачанні высокай выразнасці) у працэсе запісу дасягаецца адначасовым перамяшчэннем стужкі і вярчэннем блока з 1, 2 або 4 магн. галоўкамі, што забяспечвае скорасць магн. галоўкі адносна стужкі да 10 м/с і больш. Гукавое суправаджэнне і сігналы сінхранізацыі запісваюцца нерухомымі галоўкамі па краях стужкі.

А.П.Ткачэнка.

т. 4, с. 143

ВІДЭАМАНІТО́Р,

манітор, прыстасаванне для візуальнага кантролю якасці тэлевізійнага відарыса ў розных пунктах тракту яго перадачы (напр., на выхадзе перадавальнай тэлевізійнай камеры). Бывае: чорна-белы і каляровы; малагабарытны, пераносны і універсальны. На відэаманітор падаецца відэасігнал, каляровы відэасігнал, сігналы асн. колераў (або яркасны і два колерарознасныя сігналы). Відэамагнітафон для кантролю амплітуды і фазы сігналаў у каляровых сістэмах ПАЛ і НТСЦ наз. вектараскопам. Выкарыстоўваецца ў відэакамерах, на тэлецэнтрах, прыкладных тэлевізійных устаноўках і інш.

т. 4, с. 143

ВІДЭАСІГНА́Л,

электрычны сігнал з шырокім спектрам частот, прызначаны для ўтварэння чорна-белых, каляровых або стэрэавідарысаў. Мае сігнал відарыса, радковыя і кадравыя сінхраімпульсы (каляровы відэасігнал акрамя сігнала яркасці мае сігналы колернасці і колернай сінхранізацыі). Бывае аналагавы і лічбавы. Утвараецца святлоэл. пераўтваральнікамі, напр., відыконамі ў тэлебачанні, фотаэлементамі і фотапамнажальнікамі ў факсімільнай сувязі, дэтэктарамі эл.-магн. хваль у радыёлакацыі. Паласа частот спектра відэасігнала вызначаецца скорасцю разгортвання відарыса і стандартызавана для кожнага выпадку выкарыстання.

т. 4, с. 143

ВІДЭАТЭ́КС,

від (служба) электрасувязі. Дазваляе карыстальніку атрымліваць на экране тэлевізара (або дысплея) графічную інфармацыю па каналах тэлефоннай сувязі са спец. банка даных; дазваляе таксама выконваць розныя паслугі: заказваць электронныя гульні, білеты на транспарт, праводзіць банкаўскія аперацыі і інш.

т. 4, с. 143

ВІДЭАТЭЛЕФО́Н,

відэафон, абаненцкая відэаакустычная прылада, з дапамогай якой абаненты бачаць адзін аднаго ў час тэлеф. размовы. Аб’ядноўвае звычайную тэлеф. сувязь і перадачу відарысаў (кожнага абанента па асобным канале, як у тэлебачанні). Выкарыстоўвае тэлевізійныя каналы міжгародняй сувязі. Устанаўліваюць пераважна на перагаворных пунктах.

т. 4, с. 143