ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.М.Мартыненка.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)