ВЫ́СТАЎКА ДАСЯГНЕ́ННЯЎ НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ СССР,
гл. Усерасійскі выставачны цэнтр.
т. 4, с. 326
ВЫ́СЫЛКА,
1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.
2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.
т. 4, с. 326
ВЫ́СЫПКА,
агульная назва вонкавых ачаговых паталагічных змен скуры (экзентэма) і слізістых абалонак (энантэма). Бывае першасная (запаленчыя плямы, гнайнікі і інш.) і другасная (лускавінкі, язвы, эрозія і інш.). Узнікае пад уздзеяннем фіз., хім., бактэрыяльных паразітарных фактараў, пры кантакце з некаторымі раслінамі. Прычынай высыпкі могуць быць парушэнні функцый эндакрынных органаў, страўнікава-кішачнага тракту, ц. н. с., абмену рэчываў, балансу вітамінаў, імунітэту і інш. Сімптом многіх інфекц. захворванняў (адзёр, шкарлятына, тыф і інш.).
т. 4, с. 326
ВЫСЯЛЕ́ННЕ,
пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 326