БЯЛЬКЕ́ВІЧ Пётр Іларыёнавіч
(27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),
бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар. АН Беларусі (1953), д-р хім. н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АН БССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АН БССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.
Тв.:
Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).
Літ.:
П.И.Белькевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1977. № 1.
М.У.Токараў.
т. 3, с. 403
БЯЛЬМО́,
лейкома, рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.
Д.М.Марчанка.
т. 3, с. 404
БЯЛЬМО́НТЫ,
курганны могільнік балта-славянскага насельніцтва (8—10 ст.) на тэр. б. маёнтка Бяльмонты каля в. Ахрэмаўцы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Даследаваны 14 курганоў у 1892, 1938, 1970-я г. і 1982. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены жал. і бронзавыя спражкі, пярсцёнак, лунніцападобныя скроневыя кольцы, фрагменты бронзавага ўпрыгожання, ляпныя пасудзіны.
т. 3, с. 404
БЯЛЬМО́НТЫ,
Двор Альгердаўшчына, былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 3, с. 404
БЯЛЮ́К
(Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (А. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (А. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ВІН Евель Самуілавіч
(3.5.1920, г. Барысаў — 10.9.1972),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскі аэраклуб (1937), ваен. школу лётчыкаў (1939). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Закаўказскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір авіязвяна, эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў. Зрабіў каля 300 баявых вылетаў. Да 1972 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 404
БЯЛЯЕ́ВА Людміла Міхайлаўна
(н. 20.6.1948, г.п. Узда Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі.
Тв.:
Основы кардиологии детского возраста: Справ. Мн., 1991 (у сааўт.).
т. 3, с. 404