БЯЛЮ́К

(Anthericum),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (А. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (А. liliago).

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)