БЯЛЬМО́,
лейкома, рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.
Д.М.Марчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)