БЛАХІ́Н Мікалай Мікалаевіч
(н. 4.5.1912, г. Лукаянаў Ніжагародскай вобл., Расія),
савецкі анколаг. Акад. АН СССР (1979), акад. (1960) і прэзідэнт (1960—68, 1977—87) АМН, Герой Сац. Працы (1972). Чл. Польскай (1962), Нью-Йоркскай (1966) АН, АН ГДР (1968). Скончыў Горкаўскі мед. Ін-т (1934). З 1952 дырэктар Ін-та эксперым. і клінічнай анкалогіі, з 1975 — Анкалагічнага навук. цэнтра АМН СССР. Прапанаваў шэраг метадаў пластычных аперацый і хірург. лячэння раку страўніка і прамой кішкі. Навук. працы па анкалогіі, ваенна-палявой і аднаўленчай хірургіі, траўматалогіі, арганізацыі мед. навукі. Аўтар манаграфіі «Скурная пластыка» (1955). Дзярж. прэмія СССР (1982).
Тв.:
Химиотерапия опухолевых заболеваний. М., 1984 (разам з Н.І.Пераводчыкавай).
т. 3, с. 189
БЛАХІ́НЦАЎ Дзмітрый Іванавіч
(11.1.1908, Масква — 27.1.1979),
савецкі фізік, адзін з кіраўнікоў стварэння 1-й у свеце АЭС. Чл.-кар. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1956—65 дырэктар Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, акустыцы, оптыцы, квантавай механіцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц, метадалогіі фізікі. Аўтар падручніка «Асновы квантавай механікі» (6-е выд., 1983). Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэмія СССР 1952, 1971.
Тв.:
Акустика неоднородной движущейся среды. 2 изд. М., 1981;
Пространство и время в микромире. 2 изд. М., 1982;
Квантовая механика. 2 изд. М., 1988.
т. 3, с. 189
БЛА́ШКАВІЧ
(Blaškovič) Дзіяніз (н. 2.8.1913, г. Ябланец, Чэхія),
чэшскі мікрабіёлаг і вірусолаг. Чл. Чэшскай АН; замежны чл. АН СССР (1966), Нью-Йоркскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў Славацкі ун-т у г. Браціслава, дзе працаваў да 1946. З 1947 у Ін-це аховы здароўя, з 1950 дырэктар Славацкага ін-та біялогіі, з 1953 — Інта вірусалогіі АН Чэхаславакіі. Навук. працы па агульнай і мед. вірусалогіі, натуральнай ачаговасці патагенных вірусаў (грыпу, клешчавога энцэфаліту), гігіене. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі.
т. 3, с. 189
БЛЕД
(Bled),
горнакліматычны курорт у Славеніі. На ПнЗ ад г. Любляна, на беразе аднайм. возера каля падножжа Юлійскіх Альпаў. Развіваецца з 19 ст. Кліматалячэнню (хваробы печані, нырак, органаў стрававання, анеміі і інш.) спрыяюць крыніцы цёплых мінер. водаў, умерана кантынентальны клімат, выключна чыстае паветра, ахаванасць курорта ад халодных вятроў.
т. 3, с. 189
БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА,
Бляда, у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².
Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
т. 3, с. 189
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА
(Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
т. 3, с. 189
БЛЕЙК
(Blake) Уільям (28.11.1757, Лондан — 12.8.1827),
англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.Семяжон.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1965;
Стихи М., 1978.
Літ.:
Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.
Н.М.Саркісава.
т. 3, с. 189
БЛЕНАРЭ́Я
(ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 190