Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.

Т.Б.Блінова.

т. 10, с. 437

МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.

Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-па- вярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.

А.А.Воінаў.

Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 437

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.В.Рабаў.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АБЛІЦО́ВАЧНЫХ ПЛІТ З НАТУРА́ЛЬНАГА КА́МЕНЮ.

Створаны ў 1976 у Мінску. З 1991 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): гранітныя, мармуровыя, вапняковыя пліты для абліцоўкі знешніх бакоў сцен будынкаў, надмагільныя пліты, падлогавыя пліты і падаконнікі з натуральнага каменю, гранітная і мазаічная плітка. Вырабляе элементы гар. добраўпарадкавання з бетону: тратуарныя і дарожныя барты, тратуарную плітку.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАТЫ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ.

Буд-ва пачата ў 1954 у Мінску. Першы станок выпушчаны ў 1957, аўтаматычная лінія — у 1959. Асн. прадукцыя: аўтаматычныя лініі з металарэзных станкоў, станкі такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем, станкі для наразання разьбы, рэзкі труб, паўаўтам. шматшпіндэльныя станкі для дакладных тэхналогій і інш. Выпускае таксама разнастайныя замкі, ключы, адліўкі з чыгуну і інш. Частка прадукцыі экспартуецца.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЦЯПЛЯ́ЛЬНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Засн. ў 1953 у Мінску, прадукцыю выпускае з 1954. Асн. прадукцыя (1999): катлы чыгунныя, ацяпляльныя радыятары з літога чыгуну, злучэнні і фітынгі з чыгуну, мацаванні для радыятарных полак, дэкаратыўна-мастацкае (рашоткі, лаўкі, кветачніцы) і пячное ліццё. Праводзіць устаноўку, абслугоўванне і рамонт катлоў.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ.

Засн. ў 1966 у Мінску. З 1994 закрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): мінер. і газіраваныя воды, ліманады, сокі фруктовыя, сіропы, джын-тонікі, спіртавыя напіткі.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ГІ́ПСУ І ГІ́ПСАВЫХ БУДДЭТА́ЛЕЙ.

Засн. ў 1944 у Мінску. Прадукцыю выпускае з 1948. У 1950—52 рэканструяваны і расшыраны. З 1999 вытв. рэсп. унітарнае прадпрыемства сучаснай назвы. Асн. прадукцыя (1999): гіпс, гіпсакардонныя лісты, пліты гіпсавыя перагародачныя, дэкар. і акустычныя.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д КО́ЛАВЫХ ЦЯГАЧО́Ў.

Засн. у Мінску на базе цэха доследнай вытв-сці Мінскага аўтамабільнага завода (1959). З 1991 самастойнае прадпрыемства. Выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, паўпрычэпы да іх, бартавыя аўтамабілі і прычэпы да іх, дарожныя і пазадарожныя аўтамабілі-самазвалы, аўтапаязды для перавозкі труб вял. дыяметра, спец. колавыя шасі пад пад’ёмныя краны падымальнасцю да 50 т і больш, пад мантаж экскаватарнага абсталявання і абсталявання для нафтагазавай прам-сці. Праводзіць абслугоўванне сваёй прадукцыі, гандаль запчасткамі, вузламі і інш.

Узоры прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў: 1 — шасі колавае МЗКТ-7917 са стратэгічнай ракетай «Таполя»; 2 — аўтамабіль-самазвал МЗКТ-6525; 3 — спецыяльнае шасі МЗКТ-79191; 4 — аўтапоезд у складзе цягача седлавога МЗКТ-7429 і паўпрычэпа МЗКТ-9378.

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Створаны ў 1929 у Мінску як хім.-фармацэўтычны з-д, з 1947 пеніцылінавы з-д, з 1949 з-д № 495, з 1954 з-д медпрэпаратаў, з 1977 галаўное прадпрыемства ВА «Мінмедпрэпараты» (з 1986 «Белмедпрэпараты»). У 1949 даў першую партыю пеніцыліну, у 1951 — стрэптаміцыну, заменнікаў крыві: у 1959 — поліглюкіну, у 1964 — фераглюкіну, у 1971 — рэаполіглюкіну. Асн. прадукцыя (1999): антыбіётыкі, кровазаменнікі, ферментныя, гарманальныя і антыгарманальныя прэпараты, вітаміны, антысептыкі, імунастымулятары, сродкі для наркозу, анкапрэпараты і інш.

т. 10, с. 439