Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1871 у Мінску як чыгуначныя майстэрні. З 1927 з-д «Полымя рэвалюцыі», з 1931 вагонарамонтны з-д. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў Куйбышаўскую вобл. Аднавіў працу ў 1945, у 1953—54 рэканструяваны і пашыраны. Завод рамантуе пасажырскія вагоны, фарміруе колавыя пары пасажырскіх і грузавых паяздоў, вырабляе запчасткі для рухомага саставу чыгунак.

т. 10, с. 434

МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.І.Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.Ф.Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.

М.І.Камінскі.

т. 10, с. 434

«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мурауёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.А.Тарасава.

т. 10, с. 434

МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,

горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б. Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.

Літ.:

Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.

Т.Л.Чарняўская.

Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.
Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.Драздовіча. 1919.

т. 10, с. 434

МІ́НСКІ ВІ́ННА-ГАРЭ́ЛАЧНЫ ЗАВО́Д «КРЫШТА́ЛЬ».

Засн. ў 1893 у Мінску як дрожджа-вінакурны з-д; выпускаў сухія дрожджы і спірт. У 1917—24 дзярж. спіртавы склад № 1 і гарэлачны з-д, у 1925—37 спірта-гарэлачны, у 1937—41 лікёра-гарэлачны з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены як лікёра-гарэлачны з-д. З далучэннем у 1958 віннага і ў 1959 дражджавога з-даў — дрожджа-вінны камбінат. У 1964—70 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Крышталь», у 1972—76 спірта-гарэлачны камбінат «Крьшталь». З 1986 уваходзіць у вытв. аб’яднанне «Мінсккрухмалпрам». Асн. прадукцыя (1999): гарэлка збожжавая, каньяк, лікёр, аперытывы, настойкі горкія, крухмал. Мае 7 філіялаў і 23 фірменныя магазіны.

т. 10, с. 435

МІ́НСКІ ВЫШЭ́ЙШЫ ЛЁТНА-ТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1974 як Мінскае авіяц.-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі. З 1991 каледж. З 1994 Мінскі дзярж. авіяцыйны каледж. З 1995 сучасная назва. Рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыяй: інжынераў і дыспетчараў па кіраванні рухам на паветр. транспарце, інжынераў-механікаў, інжынераў-электрамеханікаў, радыёінжынераў, авіяц. тэхнікаў-электрыкаў, радыётэхнікаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): арганізацыя руху і кіраванне на транспарце; тэхн. эксплуатацыя лятальных апаратаў і рухавікоў, авіяц. прыбораў, сістэм і комплексаў, авіяц. радыёабсталявання, авіяц. электрыфікаваных і пілатажна-навігацыйных комплексаў; выліч. машыны, сістэмы і сеткі; кіраванне рухам на паветр. транспарце і інш. Прымаюцца асобы з.сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 435

МІ́НСКІ ВЫШЭ́ЙШЫ РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1960 як Мінскі радыётэхн. тэхнікум. З 1991 каледж. З 1994 сучасная назва. Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па 3 узроўнях (1-ы ўзровень дае сярэднюю спец. адукацыю, 2-і — паглыбленую сярэднюю, 3-і — вышэйшую). Спецыяльнасці на 1-м і 2-м узроўнях (1999/2000 навуч. г.): камерцыйная дзейнасць; мікраэлектроніка; вытв-сць электронных выліч. сродкаў; эксплуатацыя і рамонт радыёабсталявання; вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій. На 3-м узроўні прафес. навучанне. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 435

МІ́НСКІ ГАДЗІ́ННІКАВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічае з 1955 у Мінску. З 1992 адкрытае акц. т-ва. Першая прадукцыя — жаночыя наручныя гадзіннікі «Зара», з 1963—64 выпускаў мужчынскія і жаночыя наручныя гадзіннікі «Прамень», з 1973 — аўтамаб. і электронна-мех. мужчынскія наручныя гадзіннікі, з 1981 — мініяцюрныя будзільнікі, з 1986 — мужчынскія кварцавыя, з сігналам, жаночыя кварцавыя. Працуюць вытв-сці: зборачная, механазборачная, электронікі; цэхі: знешніх афармленняў гадзіннікаў, інструментальны; аддзел станкабудавання і аўтаматызацыі. Асн. прадукцыя (1999): наручныя гадзіннікі ў 330 знешніх афармленнях, мужчынскія і жаночыя мех. і кварцавыя ў пазалочаным, храміраваным выкананні, з пакрыццём нітрыд-тытанам; будзільнікі, аўтамаб. гадзіннікі, тэхн. манометры.

Узоры прадукцыі Мінскага гадзіннікавага завода.

т. 10, с. 435

МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.

Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.

А.А.Воінаў.

Мінскі галоўны паштамт.

т. 10, с. 435

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ АРКЕ́СТР.

Існаваў у 1803—1917 (з перапынкамі) у Мінску. Напачатку іграў па нядзелях і на святы ў кафедральным саборы (летам — і ў Губернатарскім садзе) ці суправаджаў тэатр. паказы. У 1820—60-я г. пры ім існавала муз. школа, якая рыхтавала для яго музыкантаў. У розны час аркестр узначальвалі В.Стафановіч (1820—60-я г.; гл. ў арт. Стафановічы), Л.Скрабецкі, Р.Пілеман (з 1880), Г.Мерц (з 1886), Л.Ступель (1890—96), Н.Рубінштэйн (з 1909; наладжваў сімф. канцэрты, арганізоўваў цыклы агульнадаступных гіст. канцэртаў). З аркестрам выступалі мясц. музыканты і гастралёры, у т.л. скрыпачы і піяністы Х.Ліпінскі, Апалінарый і Антон Концкія, М.Ельскі В.Пшыбора, Я.Чыжэўскі, І.Гянко, Г.Бах, Л. фон Зіберштэйн, М.Палякін, спявачка А.Мейчык. У рэпертуары былі творы І.Гайдна, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Ф.Абера, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта, Р.Вагнера, М.Глінкі, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага і інш. З 1880-х г. дзейнасць М.г.а. звязана з муз.-грамадскімі арг-цыямі горада, у т.л. муз. т-вам, муз. гуртком, т-вамі аматараў прыгожых мастацтваў і сяброў музыкі.

А.Л.Капілаў.

т. 10, с. 435