Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІНІПЛА́СТ,

гл. Полівінілхларыд.

т. 4, с. 184

ВІ́НКЕЛЬМАН

(Winckelmann) Іаган Іаахім (19.12.1717, г. Штэндаль, Германія — 8.6.1768),

нямецкі гісторык мастацтва. Прадстаўнік эстэтыкі класіцызму. Па адукацыі багаслоў; вучыўся ў Берліне і Гале. У гал. яго творы «Гісторыя старажытнага мастацтва» (1763) разгледжаны не асобныя майстры, а мастацтва ўвогуле, у яго росквіце і заняпадзе. Ідэалізуючы антычнасць, ён лічыў стараж.-грэч. мастацтва ўзорам для ўсіх часоў і народаў. Створаная ім методыка мастацтвазнаўчага аналізу стала эстэт. асновай для станаўлення класіцызму ў Германіі і інш. еўрап. краінах.

Тв.:

Рус. пер. — История искусства древности. [Л.], 1933;

Избр. произведения и письма. [М.;

Л.], 1935.

Літ.:

Асмус В.Ф. Винкельман, его теория искусства и эстетическое мировоззрение // Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.

т. 4, с. 184

ВІ́НКЕЛЬРЫД

(Winkelried) Арнольд (? — 9.6.1386),

швейцарскі нар. герой. Жыў у кантоне Унтэрвальдэн. Вызначыўся ў бітве з аўстр. войскам каля г. Земпах 9.6.1386: учапіўся за дзіды варожых рыцараў і, прыціснуўшы іх падзеннем свайго цела, зрабіў брэш, праз якую праніклі швейц. воіны-сяляне. Цаной свайго жыцця садзейнічаў перамозе швейцарцаў. Гэты подзвіг услаўлены ў «Земпахскай песні» (складзена каля 1476), што зрабіла Вінкельрыда легендарнай асобай.

т. 4, с. 184

ВІ́НКЛЕР

(Winkler) Клеменс Аляксандр (26.12.1838, г. Фрайберг, Германія — 8.10.1904),

нямецкі хімік, распрацоўшчык прамысл. спосабу атрымання сернай кіслаты. Вучыўся ў Фрайбергскай горнай акадэміі (1857—59) і Лейпцыгскім ун-це, працаваў на хім. з-дах. У 1873—1902 праф. Фрайбергскай горнай акадэміі. Навук. працы па хім. тэхналогіі, неарган. і аналітычнай хіміі. Адкрыў германій (1886), існаванне якога прадказваў Дз.І.Мендзялееў у 1870. Распрацаваў метады хім. аналізу газаў і даследаваў асноўны працэс кантактнага спосабу вытв-сці сернай к-ты: каталітычнае акісленне дыаксіду серы.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 4, с. 185

ВІННАКАМЕ́ННАЯ КІСЛАТА́,

гл. ў арт. Вінныя кіслоты.

т. 4, с. 185

ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.Ю.Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

ВІ́ННАЯ ПА́ЛЬМА,

назва розных відаў пальмаў, цукрысты сок з суквеццяў якіх зброджваюць для атрымання віна. Найб. вядомыя вінныя пальмы: карыёта пякучая (Caryota urens), маўрыцыя вінная, або бразільская веералістая пальма (Mauritia vinifera), рафія вінная (Raphia vinifera). З маладога лісця віннай пальмы атрымліваюць валакно, якое выкарыстоўваецца ў садоўніцтве для падвязкі раслін. Плады некаторых вінных пальмаў ядомыя.

т. 4, с. 185

ВІ́ННАЯ Я́ГАДА,

гл. Інжыр.

т. 4, с. 185

ВІ́ННІЦА,

горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р. Паўд. Буг. 380 тыс. ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.

Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял. Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.

С.І.Сідор (гаспадарка).

т. 4, с. 185

«ВІ́ННІЦА»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.

Р.К.Паўловіч.

т. 4, с. 185